Ад авечай воўны да пакупніка: як сямʼя патомных шапавалаў праходзіць няпросты шлях вырабу «простых» традыцыйных валёнак


У 18-19-ым стагоддзі на Магілёўшчыне ды і ў цэлым на тэрыторыі сучаснай Беларусі майстэрства вырабу традыцыйных шапак і валёнак з воўны было адным з самых распаўсюджаных і прыбытковых промыслаў.

Асабліва славіліся ў другой палове XIX-га стагоддзя майстры Магілёўшчыны з вёсак Дрыбіншчыны, якіх пачалі называць «дрыбінскімі шапаваламі». Яны выраблялі вялікую колькасць магерак – шапак у выглядзе каўпака альбо ўсечанага конусу, якія карысталіся вялікім попытам у беларускіх шляхцічаў, хоць з гэткім жа поспехам маглі валяць валёнкі і рукавіцы.

Дзякуючы таму, што воўна была няцяжкай і прыстасаванні для валяння можна было насіць з сабой, дрыбінскя шапавалы маглі вырабляць валёнкі ды шапкі беспасярэдне ў кліента, і таму шмат падарожнічалі па вёсках ды гарадах не толькі Магілёўшчыны, але і ўсёй Беларусі ды нават Расеі.

Нярэдка падчас вырабу шапак і валёнак шапавалы карысталіся сваёй сакрэтнаю моваю – «катрушніцкім лемезнем», што ўмяшчае амаль тысячу словаў і паходжанне якой дасюль выклікае спрэчкі навукоўцаў.

Некаторыя расейскія вучоныя сцвярджаюць, што шапавалы прыйшлі на тэрыторыю Магілёўшчыны з Расеі і зʼяўляюцца нашчадкамі паўночнікаў. Самі ж сучасныя нашчадкі дрыбінскіх шапавалаў з вёскі Пакуцце Дрыбінскага раёну з сямʼі Зюлікавых, сцвярджаюць, што тыя жыхары ўсходу Магілёўшчыны, якія перанялі промысел у заезных рускіх шапавалаў, выкарыстоўваюць пры вырабе валёнак і шапак шмат драўляных прыстасаванняў.

Самі ж шапавалы Дрыбіншчыны валяюць па сваёй мясцовай, у большай ступені ручной тэхналогіі – без дадатку хімікатаў. Дзякуючы гэткаму экалагічнаму спосабу валёнкі не выклікаюць алергіі, не такія дзябёлыя і больш зручныя.

Дзяды і прадзеды сямʼі Зюлікавых былі патомнымі шапаваламі і дагэтуль практычна ўсе члены сямʼі працягваюць валяць. А 85-гадовы бацька Валянціна Уладзімір не толькі валяе, але і да гэтага часу рэгулярна абмываецца ў крынічнай вадзе на марозе.

У пошуках добрага матэрыялу Валянціну і ягонай жонцы даводзіцца ездзіць па ўсёй Беларусі.

Зюлікавы таксама ўручную аднавілі адну з нешматлікіх машын для вычэсвання воўны, на якой воўну прачэсваюць ад бруду, і яна выходзіць рулонам. Цяпер воўна надаецца да першаснага ручнога валяння. Пасля шапавал укладвае ў яе «душу» – лякала ў форме валёнка, абкладае яго воўнаю, заварочвае ў мешкавіну і зноў валяе будучы валёнак ужо знутры. Працэдура ручнога валяння вельмі працаёмкая і можа займаць шмат часу.

Пазней надыходзіць другая стадыя вільготнага валяння валёнка з выкарыстаннем кіпеню і мыла для вымывання тлушчу і вялікіх ваўняных валасоў. Валёнак падганяецца з улікам асаблівасцяў замоўца, затым адціскаецца, і яго пакідаюць сцякаць на некаторы час у вядро, а пазней запаўняюць драўлянай формай пэўнага памеру, якую Валянцін вырабляе ўручную, каб валёнак не выглядаў гаматным і акруглым. Далей лішні ворс абпальваецца агнём і ачышчаецца венікам, а валёнак змяшчаюць у цёплую печ на ​​сушку.

Сямʼя Зюлікавых правяла ўжо не адзін майстар-клас па шапавальству і нядаўна адкрыла аграсядзібу «Шапавалы» у сваёй вёсцы Пакуцце пад Дрыбінам.

Аграсядзібу ўжо могуць наведваць госці. Музей шапавальства размешчаны ў старадаўняй вясковай хаце, дзе наведнік можа не толькі даведацца, як вырабляюцца валёнкі, але і паўдзельнічаць у працэсе іх стварэння.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў