Ад «акту тэрарызму» да «бухгалтара» Бабіча. Топ-6 скандалаў у беларуска-расейскіх стасунках


2 красавіка на дзяржаўным узроўні адзначаецца дзень яднання народаў Беларусі і Расеі. Менавіта ў гэты дзень у 1996 годзе Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі дамову аб стварэнні супольнасці двух дзяржаваў, якая вызначыла курс на беларуска-расейскую інтэграцыю на многія гады наперад. Між тым, у стасунках Масквы і Менску рэгулярна ўзнікаюць скандалы – як выключна палітычнага, так і гандлёва-эканамічнага характару. Belsat.eu узгадвае найбольш рэзанансныя канфлікты апошніх двух дзесяцігоддзяў.

Газавая вайна 2003-2004

Аляксандр Лукашэнка, 2003 год. Фота – president.gov.by

Напрыканцы 2003-га – пачатку 2004 году паміж Масквой і Менскам адбыўся самы жорсткі энергетычны канфлікт за ўсе часы незалежнасці. Пасля адмовы Лукашэнкі інтэгравацца з Расеяй па пуцінскім сцэнары, Масква вырашыла павысіць цэны на газ. З новымі цэнамі Менск не хацеў пагаджацца. У выніку старыя газавыя кантракты скончыліся, а новыя Беларусь і Расея не падпісалі. «Газпром» спачатку абмежаваў пастаўкі газу ў Беларусі, а потым і зусім іх спыніў, ды яшчэ абвінаваціў беларускі бок у крадзяжы газу, што ішоў у Еўропу.

Дзеянні Масквы Лукашэнка назваў «актам тэрарызму».

«Такога беспрэцэдэнтнага кроку, як адключэнне людзям газу ўзімку пры амаль 20-градусным марозе, яшчэ не было з часоў Вялікай Айчыннай вайны», – абураўся тады Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі адклікаў амбасадара ў Маскве для кансультацыяў і заявіў, што цяпер «нашыя стасункі з Расеяй надоўга будуць атручаныя газам». Аднак Лукашэнка ўсё ж пайшоў на саступкі: «Трэба заключыць дамову на ўмовах Пуціна. Хоча Пуцін, каб мы плацілі гэтыя грошы, давайце будзем збіраць: ад лекаў, ад чарнобыльцаў, ад тых, хто ў акопах гніў». Пастаўкі газу аднавіліся.

Пуцін і Лукашэнка, 2003 год. Фота – president.gov.by

Цікава, што менавіта на глебе таго энергетычнага канфлікту канчаткова пасварыліся Уладзімір Пуцін і тагачасны прэм’ер-міністр РФ Міхаіл Касьянаў. На паседжанні Савету бяспекі Касьянаў нібыта на падвышаных танах даказваў Пуціну, што адключаць газ Беларусі нельга. Гэты выпадак, як лічыцца, стаў апошняй кропляй: Касьянава пасля гэтага адправілі ў адстаўку і ён перайшоў у апазіцыю.

Паводле аналагічнага прынцыпу нафтагазавая вайна адбылася паміж Беларуссю і РФ у 2006-2007 гг. Тады, праўда, абышлося без спынення паставак газа – новы кантракт падпісалі за некалькі хвілінаў да новага 2007 года. Але засталася нявырашанай спрэчка наконт мытаў на нафту. Масква 8 студзеня 2007 года спыніла пастаўкі нафты ў Еўропу праз Беларусь, бо лічыла, што беларусы кралі частку гэтай нафты. Пасля тэлефонных перамоваў Пуціна і Лукашэнкі канфлікт атрымалася ўрэгуляваць, беларускі бок зноў пайшоў на саступкі.

Апошні амбасадар Расеі

Дзмітрый Аяцкаў. Фота – izborsk-club.ru

Мала хто памятае, але Лукашэнка не заўсёды пагаджаўся цярпець расейскіх амбасадараў, якія яму не падабаліся. Летам 2005 года Пуцін прызначыў амбасадарам у Беларусі былога саратаўскага губернатара Дзмітрыя Аяцкава. Афіцыйны Менск даў згоду. Аднак праз чатыры дні пасля таго, як Пуцін падпісаў адпаведны ўказ, Аяцкаў правёў у Саратаве прэс-канферэнцыю, дзе вельмі недыпламатычна выказаўся наконт кіраўніка Беларусі. Ён, у прыватнасці, заявіў, што Лукашэнку трэба «перастаць дзьмуць шчокі» і не думаць, што «Расея – гэта Расея, а Беларусь – Беларусь».

«Я б хацеў і я ўпэўнены, што так і будзе, што я буду апошнім амбасадарам Расеі ў Беларусі», – заявіў Аяцкаў, намякаючы на магчымае аб’яднанне двух краінаў.

Выказванні новага амбасадара выклікалі абурэнні ў беларускіх уладаў, якія проста адмовіліся прымаць Аяцкава ў Беларусі. «Такія выказванні абсалютна не ўкладваюцца ў цёплыя і сяброўскія стасункі паміж нашымі дзяржавамі», – заявілі тады ў беларускім МЗС. Напрыканцы жніўня 2005 года Масква пайшла на саступкі і адклікала Аяцкава. Амбасадарам РФ у Беларусі прызначылі Аляксандра Сурыкава, які працаваў на гэтай пасадзе да 2018 года.

Малочныя войны

Мядзведзеў і Лукашэнка, 2009 год. Фота – president.gov.by

Так званыя малочныя канфлікты паміж Масквой і Менскам сталі звычайна справай. Аднак найбольш жорсткае супрацьстаянне адбылося ў 2009 годзе, калі расейскі бок забараніў пастаўкі амаль усіх відаў малочнай прадукцыі з Беларусі нібыта на той падставе, што яны не адпавядаюць санітарным нормам. Лукашэнка ў сваю чаргу заявіў, што ўся справа ў жаданні Масквы ўзяць пад кантроль малочную прамысловасць Беларусь.

«Дайшло да таго, што малако не будзем у вас купляць, пакуль не аддасце малакаперапрацоўчыя заводы. І гэта на ўзроўні ўрада! Мядзведзеў даслоўна сказаў так: «Мы хацелі б, Аляксандр Рыгоравіч, паўдзельнічаць у інвестыцыях у вашу малакаперапрацоўчую прамысловасць». Калі ласка, просім. Інвестыцыі жа! А ва ўрадзе канкрэтызавалі – малака не будзе ў Расеі, пакуль не аддасце заводы. Я кажу: «Да пабачэння. Так размаўляць мы не дазволім. Будзем, кажу, падыхаць, выліваць гэтае малако, але вы так пытанне ставіць не будзеце», – распавядаў тады Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі прыгразіў вярнуць мытню на мяжу з РФ, а беларуская дэлегацыя адмовілася ад удзелу ў чарговым паседжанні АДКБ.

У выніку Расея ўсё ж не забрала малочныя заводы, а пастаўкі беларускай прадукцыі аднавіліся. Аднак час ад часу тыя ці іншыя беларускія малочныя прадпрыемства трапляюць у РФ у «чорны спіс».

Хросны бацька

На піке чарговага крызісу ў беларуска-расейскіх стасунках, звязанага з гандлёвымі, энергетычнымі і інтэграцыйнымі спрэчкамі, Масква вырашыла нанесці па Аляксандру Лукашэнку моцны прапагандысцкі ўдар. На тэлеканале НТВ з ліпеня па кастрычнік 2010 года выйшла чатыры серыі дакументальнага фільма «Хросны бацька». Аўтары стужкі вінавацілі Лукашэнку ў стварэнні «эскадронаў смерці» і арганізацыі забойстваў сваіх палітычных апанентаў, карупцыі і кланавасці, сімпатыях да Гітлера і «мазаічнай псіхапатыі». Асобна закраналіся пытанні, найбольш адчувальныя менавіта для расейскай аўдыторыі: Лукашэнку вінавацілі ў сяброўстве з ворагамі Пуціна Міхалам Саакашвілі і Барысам Беразоўскім. У МЗС Беларусі назвалі гэтыя стужкі «блюзнерскімі», а Лукашэнка абвінаваціў Расею ў распальванні міжнацыянальнай варожасці.

Але расейскім тэлебачаннем справа не абмежавалася. Тагачасны прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў абвінаваціў Лукашэнка ў антырасейскай рыторыцы і паводзінах, што выходзяць за межы «элементарнай чалавечай прыстойнасці». Таксама ён заклікаў нарэшце расследаваць «шматлікія справы пра знікнення людзей», што нібыта не абыякава РФ.

Аднак незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Лукашэнка прымірыўся з Расеяй: была дасягнутая дамоўленасць пра стварэння Еўразійскай эканамічнай прасторы і пра справы зніклых палітыкаў у Маскве больш не ўзгадвалі.

ВІДЭА
Крэмль: Хто з намі, той супраць нас. Да чаго Масква хоча змусіць Беларусь?
2017.12.04 16:55

«Сапляк»

Крыніца – uralkali.com

У 2013 годзе пасварыліся дзве буйныя калійныя кампаніі, якія раней шчыльна супрацоўнічалі – «Беларуськалій» і расейскі «Уралкалій». «Уралкалій» без узгаднення з беларускім партнёрам распачаў рэалізацыю стратэгію «аб’ёмы важнейшыя за цану». У выніку дэмпінгу сусветныя цэны на калій і кошт акцыяў калійных кампаніяў абваліліся. Улады Беларусі ўспрынялі гэтую агрэсіўную стратэгію, як спробу нанесці ўдар па ключавому дзяржаўнаму прадпрыемству «Беларуськалій».

У жніўні 2013 года генеральны дырэктар «Уралкалія» Уладзіслаў Баўмгертнэр прыляцеў у Менск па запрашэнню тагачаснага прэмʼера Міхаіла Мясніковіча, але бакі не знайшлі кансэнсус і топ-менеджара пасля перамоваў проста арыштавалі. Беларускае тэлебачанне паказала, як кіраўніка адной з самых буйных калійных кампаніяў у свеце ў кайданках вядуць па калідорах СІЗА КДБ.

«Ён прыехаў, сапляк, яго запрашае прэмʼер-міністр. Ён сеў, нага за нагу і заяўляе: ня будзе такога, не будзе гэтага. Выйшаў, плюнуў на Дом ураду і ў аэрапорт, смеючыся. А там яго…» – распавядаў потым Лукашэнка.

Баўмгертнэру высунулі абвінавачванне ў «злоўжыванні ўладаю», аналагічнае абвінавачванне завочна высунулі алігарху і расейскаму сенатару Сулейману Керымаву, яго абвясцілі ў міжнародны вышук. Ва ўрадзе РФ назвалі арышт Баўмгертнэра дзіўным і неадэкватным, а МЗС патрабаваў яго тэрміновага вызвалення. Але ніякіх жорсткіх мераў Крэмль супраць Лукашэнкі гэтак і не прыняў.

Hавiны
Беларусь хоча адсудзіць у Баўмгертнера $ 100 млн
2014.10.02 21:46

Баўмгертнэра спачатку вызвалілі пад «хатні арышт», а ў лістападзе 2013 года экстрадавалі ў РФ, дзе ягоную справу праз пэўны час закрылі. У сваю чаргу алігарх Керымаў быў вымушаны прадаць свой пакет акцыяў. Справу супраць яго беларускія праваахоўнікі таксама закрылі.

«Падаючы надзеі бухгалтар»

Міхаіл Бабіч. Фота – Mikhail Metzel/TASS

З’яўленне ў Беларусі новага амбасадара Міхаіла Бабіча з самага пачатку суправаджала скандальная атмасфера. Паводле чутак, Лукашэнка да апошняга не хацеў даваць згоду на яго кандыдатуру, а самога Бабіча ў медыях называлі ледзь не новым генерал-губернатарам Беларусі. У сакавіку 2019 года Бабіч апынуўся ў цэнтры публічнага скандалу. Спецпрадстаўнік Пуціна даў інтэрв’ю «РИА Новости», у якім даволі рэзка пракаментаваў апошнія выказванні беларускага кіраўніцтва. У прыватнасці ён заявіў, што ўсе размовы пра пагрозу суверэнітэту Беларусі могуць быць выбарчай тэхналогіяй пад назвай «мабілізацыя электарату шляхам фармавання вобразу ворага», а намёкі на Расею ў гэтым кантэксце зʼяўляюцца несяброўскім учынкам.

У МЗС гэтыя заявы Бабіча жорстка раскрытыкавалі, адзначыўшы, што за кароткі час працы ў Беларусі Бабіч «проста не зразумеў розніцы паміж федэральнай акругай і незалежнай дзяржавай». Начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Анатоль Глаз параўнаў спецпрадстаўніка Пуціна з «рахункаводам» і «падаючым надзеі бухгалтарам». У той жа дзень Бабіч назваў «балбатнёй» пазіцыю беларускага МЗС. А ўвечары ў Крамлі заявілі, што маюць права разлічваць на большую павагу да амбасадара. У інтэрнэце пачаўся збор подпісаў з заклікам абвясціць Бабіча персонаю нон-грата, а шэраг беларускіх недзяржаўных медыяў дэманстратыўна праігнаравалі прэс-канферэнцыю амбасадара з нагоды гадавіны анексіі Крыма.

Па выніку скандалу МЗС РФ апублікаваў прымірэнчую заяву: маўляў, дыскусія аб перспектывах беларуска-расейскіх стасункаў «часцяком набывае эмацыйны характар, часам, на жаль, выходзячы за рамкі дыпламатычнай карэктнасці», аднак Беларусь застаецца «брацкай краінай» для Расеі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў