«Абяцаў, што маё цела знойдуць у рэчцы і завядуць справу». Як міліцыя цісне на праціўнікаў акумулятарнага заводу


Актывісты з Берасця распавялі «Белсату» пра пагрозы, пачутыя ад міліцэйскага кіраўніцтва, і катаванні ў берасцейскім ізалятары. Міліцыя абвяргае.

Па нядзелях берасцейцы кормяць галубоў на знак пратэсту супраць будаўніцтва побач з горадам акумулятарнага заводу.

За ўдзел у акцыях супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу берасцейская міліцыя выкарыстоўвае тактыку гэтак званага падвойнага пакарання. Людзей затрымліваюць перад выходнымі ды змяшчаюць у ІЧУ, а пасля выходных у судзе караюць штрафам.

У ізалятары затрыманых да сябе ў кабінет выклікае начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Ленінскага раёну Берасця Мікалай Самасюк. Падчас прафілактычнай гутаркі некаторыя грамадзяне чуюць пагрозы ад Самасюка на свой адрас. Да прыкладу, Канстанціну Астапуку было заяўлена, што калі ён не перастане карміць галубоў, яго знойдуць у рэчцы.

«Самасюк абяцаў мне помсціць, пагражаў, сказаў, што, калі я не перастану хадзіць на плошчу карміць галубоў, ён мяне зачыніць у вязніцу, ці мяне знойдуць у Мухаўцы. Самасюк – гэта самы страшны чалавек у Берасці. Я баюся за сваё жыццё. Калі са мной нешта здарыцца, прашу ў гэтым вінаваціць Мікалая Самасюка ды яго атачэнне», – заявіў Астапук Belsat.eu.

Падобнымі ўспамінамі дзеліцца яшчэ адзін берасцеец.

«Падчас знаходжання ў ІЧУ мяне выклікаў на размову Мікалай Самасюк, які сказаў, што калі я буду ўдзельнічаць у пратэстах далей, ён завядзе на мяне крымінальную справу. І пагражаў, што ў мяне ёсць праца, але яны могуць зрабіць так, каб я нідзе не працаваў», – кажа Алесь Абляк.

Фота Tut.by

А берасцеец Валер Фамінскі тыя ўмовы, у якіх апынуўся ў берасцейскім ізалятары, называе катаваннем:

«За 24 гадзіны, што я знаходзіўся ў ІЧУ, мы не мелі ні хвілінкі на чыстым паветры. Там былі антысанітарныя ўмовы, нам адключылі ваду і каналізацыю, і яшчэ шмат момантаў, якія паводле міжнародных стандартаў лічацца катаваннем».

У размове з Belsat.eu Мікалай Самасюк словы берасцейцаў, якіх затрымлівалі, абвяргае, але адзначае, што ведае ўсіх пратэстоўцаў:

«Гэта няпраўда пра пагрозы крымінальнай справаю. Яны шмат чаго могуць вам гаварыць, распавядаць. Я вам кажу, я з імі размаўляў, каб разумець, што гэта за людзі, чаму яны выходзяць, якія ў іх мэты. Вось і ўсё».

Берасцейцы ўжо 8 месяцаў пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу, які будуецца недалёка ад абласнога цэнтру. Старт вытворчасці плануецца напрыканцы года. Плануецца наладзіць поўны цыкл вырабу свінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў. Яшчэ ўлетку каля 37-мі тысячаў подпісаў супраць будовы заводу былі перададзеныя ў Адміністрацыю кіраўніка краіны.

ХВ, belsat.eu

Стужка навінаў