Міністр фінансаў патлумачыў адмену льготаў для ПВТ і падатковыя змены ў 2021 годзе

Юрый Селіверстаў. Фота: БелТА

Міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў патлумачыў FINANCE.TUT.BY падатковыя змены, якія адбыліся ў краіне з 1 студзеня.

Гэтак, з новага года выраслі стаўкі падаходнага падатку для работнікаў кампаніяў – рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогіяў з 9 % да 13 %. Пры гэтым для ПВТ былі абяцаныя падатковыя льготы на большы перыяд, аднак іх заўчасна адмянілі.

«Льготы так, сапраўды, былі абяцаныя, яны агулам і прысутнічаюць. Захада часовая на агульную адмену, карэктаванне Дэкрэту [аб ільготах для ІТ. – рэд. Belsat.eu] такіх рэчаў не прадугледжвае. Льготы былі абяцаныя, але каронавірус нам жа таксама ніхто не абяцаў. І па вялікім рахунку жыццё ўносіць карэктывы, спатрэбіліся дадатковыя выдаткі, прычым сур’ёзныя, на сістэму аховы здароўя. Зразумела, што гэта часова, але наколькі гэта часова зацягнецца, таксама пытанне», – сказаў Юрый Селіверстаў.

Пры гэтым міністр фінансаў дадаў, што для рэзідэнтаў ПВТ працягваюць дзейнічаць іншыя льготы. Напрыклад, адносна выплат у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Увядзенне транспартнага падатку ён патлумачыў прыкладам іншых краін: «Ёсць маёмасць – ёсць на яе і пэўны падатак». На ягоную думку, новая схема выплатаў можа паспрыяць таму, што беларусы будуць больш актыўна здымаць з уліку неэксплуатаваныя аўтамабілі і ўтылізаваць іх. У выніку можа скараціцца колькасць аўтахламу.

Што датычыць збору Br 87 за кожны выезд за мяжу на прыватным аўтамабілі, то кіраўнік Мінфіну падкрэсліў: «Гэта рашэнне мясцовых уладаў, могуць увесці, а могуць і не. У залежнасці, як яны бачаць сітуацыю, можа, такое рашэнне і не спатрэбіцца».

На пытанне, ці могуць адначасова ўвесці такі збор па ўсіх галінах, ён сказаў: «Паглядзім, узважым дадаткова, як будзе развівацца сітуацыя». Пры гэтым, паводле яго, калі адна з двух суседніх вобласцяў увядзе збор, а другая – не, наўрад ці «за суму тры базавыя ёсць сэнс кружыць з адной вобласці ў іншую, каб перасекчы мяжу».

Селіверстаў таксама мяркуе, што павышэнне памеру падатку на прыбытак з 18 % да 30 % для аператараў электрасувязі і сотавай сувязі не павінна адбіцца на кошце паслуг для карыстальнікаў.

  • Нагадаем, што з 1 студзеня змяніліся стаўкі падаткаў і адмяніўся шэраг падатковых ільготаў. У выніку прыватныя і юрыдычныя асобы будуць плаціць у бюджэт краіны болей.
  • Новы дарожны падатак цяпер будуць плаціць усе ўладальнікі аўтамабіляў, незалежна ад таго, ці карыстаюцца яны машынаю.

Абясцэненыя раней дасягнутыя вынікі. Эканамісты падвялі вынікі 2020 года

МГ belsat.eu

Hавiны