«Абяцалі па чарзе памачыцца на мяне». Бабруйскі гісторык і журналіст – пра затрыманне і збіццё


Алесь Чыгір – вядомы ў Бабруйску грамадскі дзеяч, настаўнік, журналіст, былы дэпутат гарсавету. 10 жніўня на яго разам з жонкай напалі амапаўцы, збілі абаіх. Алеся завезлі ў СІЗА, дзе ён правёў шэсць содняў.

«Цяпер будзе так: вас будуць біць, вам будуць пагражаць»

На наступны дзень пасля выбараў прэзідэнта, 10 жніўня, Алесь, паводле даўняй сямейнай традыцыі, пайшоў увечары сустракаць сваю жонку Дануту з працы. Жанчына працуе правізарам у аптэцы. Дадому мужчына вярнуўся 16 жніўня пасля побыту за кратамі.

Алесь Чыгір. Фота героя матэрыялу

«Калі я быў недалёка ад аптэкі, дзе працуе жонка, то пабачыў, як людзі ў чорнай форме накінуліся на маладога хлопца, заламалі яму рукі ды павялі ў аўтобус. Я гэта ўсё здымаў на тэлефон, каментаваў, якое беззаконне адбываецца ў нашым горадзе. Я спакойна прыйшоў у аптэку да жонкі, яна ўжо збіралася зачыняцца, і раптам з’явіліся супрацоўнікі…

Міліцыяй я іх назваць не магу. Гэта былі людзі ў чорным, з закрытымі тварамі. Яны сталі грукаць у дзверы, потым дзверы выламалі, мяне выцягнулі з аптэкі, літаральна закінулі ў мікрааўтобус. Жонку моцна адштурхнулі, таксама білі.

Мяне пачалі моцна збіваць па дарозе ў РАУС. Адзін з амапаўцаў крычаў: «Ну што, мянтоў на вілы?» Гэта ўсё суправаджалася ўдарамі дубінкай, а іншыя амапаўцы збівалі мяне рукамі, наносілі аплявухі, білі па галаве, па руках. Калі мы пад’ехалі да РАУС, мяне выцягнулі і паабяцалі зламаць рукі. Я ўпаў на асфальт, яны мяне сталі біць, калі я ляжаў на асфальце. Потым гэтае біццё працягнулася ў будынку РАУС, білі па нагах дубінкамі, калі я падымаўся па лесвіцы на другі паверх.

Данута Чыгір і Андрэй Малахаў, намеснік начальніка УУС Бабруйскага гарвыканкаму, які кіраваў затрыманнямі. Фота героя матэрыялу

Потым мяне збілі з ног, і ляжачага пачалі збіваць зноў, іх было чатыры-пяць чалавек. У гэты час яны гігікалі, ім было весела, яны нібыта атрымлівалі задавальненне ад таго, што білі ляжачага, 48-гадовага чалавека, бацьку траіх дзяцей, у якога за плячыма 29 гадоў працоўнага стажу. Мяне проста катавалі. Рабілі гэта людзі, якія жывуць сярод нас, якіх мы сустракаем штодня на вуліцах, разам з жонкамі, дзецьмі. Катаванні, здзекі, інакш не назавеш, ім прыносілі вялізнае задавальненне. Гэта ўсё бачылі жанчыны ў міліцэйскай форме, і ў іх я таксама бачыў гэтыя ўхмылкі.

Апафеозам катаванняў была пагроза па чарзе памачыцца на мяне. Калі б пра гэта мне нехта распавёў ранкам 10 жніўня, я б наўрад ці паверыў, што такое магчыма.

Hавiны
Бабруйск: сотні брутальных затрыманняў, зніклыя людзі
2020.08.12 15:39

Маёр, які складаў пратакол, казаў мне: калі раней вам ўсё гэта сыходзіла з рук, то цяпер будзе ўсё інакш, вось так. Вас будуць біць, вам будуць пагражаць, на вас будуць мачыцца. Далей нас даставілі ў следчы ізалятар. Там я пабачыў такую карціну: перад СІЗА стаяла чарга з аўтазакаў – як машыны, якія вязуць ураджай, толькі замест зерня – людзі. Са словаў саміх супрацоўнікаў СІЗА, уначы з 10 на 11 жніўня ў СІЗА № 5 заехалі каля сотні бабруйчанаў. Амаль усе былі збітыя».

«За сценамі СІЗА нараджалася грамадзянская супольнасць»

Спадар Чыгір распавёў, што ў камеры СІЗА сустрэў шмат сваіх знаёмых, якія раней былі цалкам апалітычнымі.

«Мы, затрыманыя, падтрымлівалі і разумелі адзін аднаго. Мне падавалася, што менавіта там, за паўтараметровымі сценамі 200-гадовага будынку бабруйскага СІЗА, я бачыў, як нараджаецца грамадзянская супольнасць.

Нас ізалявалі ад атрымання якой-кольвек інфармацыі. Мы не ведалі, што адбываецца звонку. Нам казалі, што ўсё ўжо супакоілася, мы нікому не патрэбныя і не цікавыя, а толькі нашыя блізкія трацяць апошнія грошы на перадачы нам.

Трымалі нас у нечалавечых умовах. У камерах было брудна, на падлозе – галубіны памёт, не хапала элементарнага – не было мыла, туалетнай паперы, мы спалі на жудасна брудных матрацах, з коўдраў сыпаўся пясок. На сняданак далі дзве лыжкі рысавай кашы, амаль не кармілі.

Данута Чыгір. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Наступным этапам гэтага крывавага балету быў суд. Суддзя ў масцы проста зачытвала рашэнне – каму штраф, каму содні. Яе не цікавіла, што ты там можаш распавесці, ці былі сведкі і г. д. Гэтак я атрымаў 15 содняў нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Нехта атрымаў менш, нехта – больш. Але ўсе мы былі закладнікамі, аб’ектамі для паказальнага лупцавання. Гэта была помста нам за нашую пазіцыю.

Нам далі падпісаць паперу, што ў выпадку, калі мы яшчэ раз трапім у рукі міліцыі, мы пойдзем ужо паводле крымінальнага артыкулу, і тэрмін нам будзе пагражаць ад 8 да 15 гадоў.

Hавiны
«Белшына» выйшла патрабаваць сумленных выбараў і спынення гвалту сілавікоў
2020.08.14 22:59

26 гадоў не прайшлі дарэмна. Увесь гэты час у нашым грамадстве культываваўся ўзаемны недавер, жорсткасць. Улады цяпер паказалі свой твар. І на нас абрынулася гэта звярыная злосць. Звонку мы бачым прыгожых чыноўнікаў, у гальштуках, касцюмчыках. А сутнасць якая? Хапаць, біць, караць.

Сёння ў грамадстве вельмі важная салідарнасць. З тымі, хто на волі, і з тымі, хто за кратамі. І мусіць быць адназначнае патрабаванне – у свае сем’і павінныя вярнуцца ўсе палітвязні. А тыя, хто дапусціў забойствы, збіццё, калецтвы, абавязкова мусяць панесці адказнасць. Гэтыя людзі мусяць падаць у адстаўку, звольніцца, калі ў іх засталася хоць кропля сумлення, яны мусяць каяцца перад грамадствам за тое, што нарабілі. АМАП трэба прызнаць злачыннай арганізацыяй і распусціць. Нашыя цяперашнія ўлады не могуць больш называцца ўладамі, яна дыскрэдытавалі сябе цалкам».

19 жніўня, пасля непрацяглай паўзы, беларускія сілавікі аднавілі затрыманні актывістаў, якія патрабуюць адстаўкі дзейнага кіраўніка краіны з пасады прэзідэнта. За час пратэстаў у Беларусі, паводле МУС, былі затрыманыя больш за 6700 чалавек.

НА belsat.eu

Стужка навінаў