Абяцалі адлічыць, паставілі на ўлік у міліцыі: беларусы распавядаюць, як іх змушалі ўступіць у БРСМ


Запіс раззлаванай настаўніцы, якая тлумачыць, а хутчэй, пагражае адлічэннем і запужвае дзяцей уступіць у БРСМ, ужо паглядзелі больш за 60 тысячаў чалавек.

Пакуль Міністэрства адукацыі, кіраўніцтва гімназіі, дзе быў зроблены запіс, і БРСМ маўчаць, інтэрнэт-карыстальнікі распавядаюць свае гісторыі загону ў БРСМ.

Відэазапіс, зняты вучнямі менскай гімназіі, трапіў у рэдакцыю «Свабоды». На відэа настаўніца прымушае ўступаць у БРСМ, бо «адміністрацыі школы патрэбная стоадсоткавая статыстыка, інакш можа быць адлічэнне з класу». Пры гэтым ніводны вучань уступіць у моладзевую арганізацыю не хацеў.

«Зрабілі, забылі, заткнуліся і сядзіце ціхенька – ніхто вас чапаць не будзе», – не спынялася ціснуць настаўніца.

У сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя, што запіс зроблены ў менскай гімназіі № 31. Дырэктарка Алена Мазуркевіч не адказвае на тэлефанаванні. Цяпер у навучальных установах вакацыі.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары