Абвінавачаны па справе пажару ў Кемерава спрабаваў забіць сябе


Андрэй Бурсін. Фота - Газета Кемерова

Кіраўнік 1-га пажарнага атраду, які прыехаў на месца ўзгарання ў кемераўскі гандлёвы цэнтр «Зимняя вишня», Андрэй Бурсін паспрабаваў скончыць жыццё самагубствам, паведамляе расейскае інармацыйнае агенцтва ТАСС.

Гэтую інфармацыю выданню kommersant.ru пацвердзіла жонка Бурсіна Таццяна.

«У аўторак яму павінны былі праводзіць псіхіятрычную экспертызу, а потым паведамілі, што яго даставілі ў шпіталь на лячэнне. Як мне патлумачылі, у яго былі перабінтаваныя абедзве рукі», – заявіла яна.

Жонка пажарніка выказала здагадку, што прычынаю спробы суіцыду мог стаць ціск з боку следчых і адмова ў сустрэчы з роднымі. «Суддзя дазволіла мне і старэйшаму дзіцяці прыйсці на спатканне. Я двойчы хадзіла ў СІЗА, але мне там сказалі, што ў спатканні адмоўлена па загадзе следчага Івана Фёдарава», – распавяла жанчына.

Сёлета ў сакавіку ў расейскім горадзе Кемерава згарэў гандлёвы цэнтр. У выніку пажару загінулі 64 асобы, у тым ліку 41 дзіця.

Бурсіна затрымалі 7 ліпеня. Следчыя абвінавачваюць Бурсіна ў халатнасці. Мужчына не прызнае сваю віну.

10 ліпеня Следчы камітэт РФ паведаміў, што на пацярпелых у пажары аказваецца ціск з боку калегаў пажарніка. Петыцыю аб спыненні крымінальнай справы супраць Бурсіна падпісалі каля 80 000 чалавек.

ЮВ, belsat.eu, паводле kommersant.ru

Глядзі таксама
Каментары