Абвінавачанне просіць 4 гады для менчука, які адбіваў анархістаў падчас «Маршу недармаедаў»


Святаслаў Барановіч

Абвінавачанне запрасіла для Святаслава Барановіча, які ўдарыў міліцыянта ў цывільным пасля «Маршу недармаедаў» вясной 2017 году, 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

У судзе Маскоўскага раёну Менску працягваецца суд над Святаславам Барановічам, якога вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных органаў. Яму пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 год альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 6 год.

Інцыдэнт адбыўся 15 сакавіка мінулага года пасля санкцыянаванага «Марша недармаедаў» у Менску. Барановіч спрабаваў «адбіць» у міліцыянтаў у цывільным людзей, якіх затрымлівалі ў тралейбусе № 37 на прыпынку «Плошча Бангалор», сярод якіх былі і анархісты, якія ўдзельнічалі ў акцыі, і звычайныя пасажыры. Самога Барановіча затрымалі толькі праз паўгода – 3 кастрычніка. З тых часоў ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 Менску.

Падчас першага пасяджэння Барановіч прызнаў сябе вінаватым. Пацярпелы міліцыянт Арцём Паўлаў заявіў у судзе, што цяпер прэтэнзіяў да абвінавачанага не мае, у тым ліку маральных.

Сёння суд прыняў рашэнне абвесціць паказанні Барановіча з-за наяўнасці супярэчнасцяў.

«Барановіч паказаў, што не памятае падзеяў 15 сакавіка 2017, а таксама, дзе ён у гэты дзень знаходзіўся. У ходзе допыту 5 кастрычніка 2017 года абвінавачаны паказаў, што ў «названым месцы ў названы час не прысутнічаў, напэўна, не памятаю. Удары не наносіў ». У межах допыту пазней абвінавачаны дапусціў факт свайго ўдзелу ў мерапрыемствах 15 сакавіка 2017 і нанясення сваіх удараў. Пажадаў даць паказанні і пазначыць сваю пазіцыю, заявіў аб прызнанні віны. Паказанні вырашыў даваць пасля змены адваката. 22 снежня 2017 года падчас допыту ў прысутнасці абаронцы ўказаў аб прызнанні віны і што ўдары супрацоўніку нанёс, бо не хацеў, каб ён затрымліваў анархістаў. Я зразумеў, што хлопец перада мной меў прыкметы міліцыянта, паколькі ён быў спартовага целаскладу, у цёмна-сіняй куртцы з капюшонам, які закрываў палову ягонага твару. І пасля наведвання падобных акцый і мітынгаў я навучыўся пазнаваць міліцыянтаў у цывільным», – зачытала сведчанні допытаў суддзя.

– Пацвярджаю гэтыя паказанні, – сказаў у судзе Барановіч.

У судзе пачаліся судовыя спрэчкі. Спачатку слова далі дзяржабвінаваўцу Валерыю Сергіенку.

– Барановічу было прад’яўленае абвінавачванне ў тым, што ён 15 сакавіка з 19 да 19.30 гадзін нанёс супрацоўніку ўнутраных спраў удары рознымі часткамі цела. Прашу суд вынесці абвінаваўчы прысуд. Будучы дапытаным, Барановіч сваю віну цалкам прызнаў, прызнаў, што наносіў удары і ўсведамляў, што перад ім супрацоўнік унутраных справаў, у зробленым раскайваецца, – сказала пракурор. – Абцяжарвальнымі абставінамі прашу лічыць неаднаразовае прыцягненне абвінавачанага да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Змякчальным – прызнанне віны. У сувязі з гэтым прашу прысудзіць абвінавачанага да 4 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Адвакат папрасіў суд прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

– Так, чалавек свае погляды выказваў на нейкіх мітынгах, акцыях. Але ў судзе прагучала фраза, што ён не будзе больш прысутнічаць на такіх мерапрыемствах, будзе стрымліваць свае эмоцыі, а сілу будзе ўжываць толькі ў трэнажорнай зале. Прашу даць апошні шанец абвінавачанаму, – заявіў абаронца Барановіча.

У судзе абвешчаны перапынак да 28 лютага, калі Барановіч выступіць з апошнім словам.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў