Абвінавачанага ў паклёпе на Лукашэнку берасцейца змясцілі ў псіхіятрычную лякарню


Больш за 10 гадоў берасцеец вёў адмысловы палітычны блог на сваім плоце. Увесь гэты час гарадскія ўлады шукалі магчымасць спыніць непакорнага. І знайшлі.

Спачатку на Міхаіла Лукашэвіча Следчы камітэт завёў крымінальную справу за паклёп на прэзідэнта (частка 1 артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу РБ), потым былі знішчаныя надпісы на плоце, а іх аўтар апынуўся ў псіхіятрычнай лякарні.

Зараз праваабаронцы не маюць сувязі з Міхаілам Лукашэвічам, але ў Следчым камітэце ім заявілі, што мужчына знаходзіцца ў псіхіятрычнай лякарні. Акалічнасці таго, як ён там апынуўся, невядомыя.

Суседзі мужчыны кажуць, што дамоў да Лукашэвіча прыехала міліцыя, а потым з’явіўся нейкі чалавек, які зафарбаваў усе надпісы, што тычыліся ўладаў. Самога мужчыну суседзі даўно не бачылі.

Вось як выглядаў плот у пачатку сакавіка:

Як бачна, спраўдзіўся прагноз, які больш за месяц таму даў у размове з Belsat.eu праваабаронца Уладзімір Малей:

«Думаю, наўрад ці Лукашэвіча будуць судзіць па артыкуле 367 Крымінальнага кодэксу, хутчэй за ўсе, правядуць псіхіятрычную экспертызу, вызнаюць Лукашэвіча псіхічна хворым і адправяць на прымусовае лячэнне тэрмінам на два гады».

ЛА, belsat.eu

Стужка навінаў