Абвесцілі лаўрэатаў Нобэля ў галіне фізіялогіі і медыцыны


Лаўрэаты Нобэлеўскай прэміі 2019 года ў галіне медыцыны і фізіялогіі Уільям Келін-малодшы, Пітэр Рэткліф і Грэг Семэнза. Ілюстрацыя – Niklas Elmehed

Нобэлеўскі камітэт абвесціў лаўрэатаў прэміі ў галіне фізіялогіі і медыцыны. Сёлета ўзнагароду раздзялілі паміж Уільямам Келінам-малодшым, Пітэрам Рэткліфам і Грэгам Семэнзам – за іхнае адкрыццё таго, як клеткі адчуваюць даступнасць кіслароду і адаптуюцца да гэтага.

Пачатак Нобэлеўскага тыдня традыцыйна распачынае абвяшчэнне ў Стакгольме лаўрэатаў гэтай прэміі ў галіне фізіялогіі і медыцыны.

У аўторак стане вядома, хто атрымае ўзнагароду ў галіне фізікі, сераду – хіміі, чацвер – літаратуры. У пятніцу – ужо ў Осла – абвесцяць лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру.

Нобэлеўскую прэмію 2018 года ў галіне фізіялогіі і медыцыны раздзялілі Джэймз Элісан (ЗША) і Тасуку Хондзэ з Японіі. Фота – A. Mahmoud

Летась Нобэля ў галіне фізіялогіі і медыцыны атрымалі імунолагі Джэймз Элісан (ЗША) і Тасуку Хондзэ (Японія) за свае даследаванні ў галіне лячэння рака. Амерыканскі навуковец вывучаў бялок, які выступае ў ролі своеасаблівага тормаза для імуннай сістэмы. Гіпотэза Элісана заключалася ў тым, што калі «адключыць» гэты бялок, то імунныя клеткі чалавека можна выкарыстоўваць для атакі на ракавыя. Японскі навуковец знайшоў такі ж бялок і прыйшоў да падобных высноваў.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары