Абуджаюцца і невялікія мястэчкі: у Шаркаўшчыне збіралі подпісы за Ціханоўскую і Бабарыку


Пікету а 19:00 у Шаркаўшчыне мясцовыя чакалі загаддзя. Фота – Леанід Юрык/«Белсат»

У райцэнтры з насельніцтвам 6 330 чалавек ахвочыя аддаць свой подпіс утваралі чэргі.

Першы ў сёлетнюю кампанію перадвыбарчы пікет у невялічкім райцэнтры Віцебскай вобласці адбыўся ў пятніцу 12 чэрвеня – збіралі подпісу ў падтрыманне Святланы Ціханоўскай. Другі пікет – 14 чэрвеня за вылучэнне ў кандыдаты Віктара Бабарыкі.

На цішотцы выбарніка надпіс «Жыве Беларусь!» Фота – Леанід Юрык/«Белсат»

Пятнічны пікет распачаўся а 19 гадзіне, калі жыхары мястэчка ўжо чакалі на гасцей. Раней некаторыя мясцовыя прыязджалі нават у Глыбокае, каб падтрымаць Ціханоўскую. Яны і запрасілі сябраў ейнай ініцыятыўнай групы да сябе ў гарадскі пасёлак.

12 чэрвеня на Віцебшчыне збіраюць подпісы за Ціханоўскую. Фота – Леанід Юрык/«Белсат»

Сярод тых, хто прыйшоў паставіць свой подпіс, былі і ветэраны дэмакратычнага руху Ада Райчонак і Уладзіслаў Ляскоўскі. Спадарынія Ада прыехала з сынам амаль за два дзясяткі кіламетраў, каб выканаць грамадзянскі абавязак:

«Я сумняваюся, што перамены адбудуцца ўжо ў гэтым годзе. Але я адчуваю новую хвалю ў грамадстве, і вельмі-вельмі хачу, каб яна добра скончылася і каб мае сумневы не спраўдзіліся».

Падпісваюцца за Святлану Ціханоўскую. Фота – Леанід Юрык/«Белсат»

Подпісаў можна было б сабраць і значна больш, але Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў шэрагу асобаў у якасці сябраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Таму подпісы ў Шаркаўшчыне, Глыбокім, Докшыцах, і Браславе дапамагала збіраць ініцыятыўная група «Краіны для жыцця» з Паставаў.

Першы альтэрнатыўны пікет у Шаркаўшчыне пад час кампаніі 2020 года. Фота – Леанід Юрык/«Белсат»

Зміцер Лупач Belsat.eu

Стужка навінаў