Валера Руселік Абсурд за нашыя з вамі грошы

журналіст, літаратар

Марына Золатава ў судзе

Уявеце сітуацыю. Нейкі калгаснік (ну хай, да прыкладу, калгас называецца „Белта”, гэта чыста гіпатэтычна) за нашыя грошы набывае тэхніку, паліва, насенне і садзіць тую ж бульбу. Ну і яшчэ ў дадатак атрымлівае з нашых грошай сабе заробак за працу. Бульба вырастае, хай сабе і дробная, часткова з гнільцою ці пазелянеўшая – і калгаснік кажа нам: купляйце! І тут лагічнае пытанне: а які сэнс наагул даваць гэтаму небараку грошы, калі мы не маем права – нават частковага – на той ураджай? Ці не прасцей папросту набыць бульбу ў фермера, які на суседнім полі пасадзіў і вырасьціў ураджай за ўласныя грошы? І ашчадней атрымліваецца, ну і неяк лагічней.

Штоцікава, калгаснае поле, абы-як апрацаванае за наш з вамі кошт, аніяк не ахоўваецца: капай тую бульбу не хачу! Каб дамовіцца пра набыццё бульбы, можна папросту перацерці з тамтэйшым аграномам – без усялякай дакументацыі, касавых квіткоў і іншай заканадаўчай цягамоціны. Галоўнае – каб быў факс, на які табе дашлюць пропуск на поле, якое, паўтаруся, аніяк не ахоўваецца.

Суд над Марынай Золатавай. Галоўная рэдактарка TUT.BY віны не прызнае. Кіраўніца БелТА: Настойваю на крымінальнай адказнасці. ОНЛАЙН

І вось выйшлі на поле калгасныя бульбакапалкі, рыюць жоўты пясочак – і тут выяўляецца нястача. І гаворка не пра тое, што палова ўраджаю згніла ці наагул не вырасла, а вось жа нехта яшчэ і пакорпаўся ў горах бульбы, якую і так хвілін праз 15 выкінулі бы. На каго ж тут падумаць, дзе шукаць страшэнных злачынцаў? Падозранні ў калгасніка падаюць адразу ж на паспяховага суседа-фермера, у якога ў гаспадарцы спраўна працуюць яшчэ з тузін вяскоўцаў і які, што самае цікавае, таксама скідваўся грашыма на тое, каб калгас мог неяк падтрымліваць сподні.

І вось суд. На лаве падсудных – фермер, хоць асабіста ён у той калгаснай бульбе не корпаўся і ў гэтым яго ніхто не абвінавачвае, але, паводле калгасніка, які і сам перыядычна з чужых палёў падтырвае ўраджай, ведаў пра гэта і мог зрабіць усё, каб тую бульбу купіць. То бок злачынна бяздзейнічаў як асоба пры пасадзе (ну гэта як міністры Жарко і Шуневіч, толькі чыноўнікаў караць нельга). Пры гэтым, як прызнаецца абвінаваўца, забароны перадаваць пропуск на поле, якое і без таго не ахоўвалася, не было. У якасці пакарання калгаснік вымагае да пяці гадоў турмы для фермера, а таксама спагнання з яго дзясяткаў тысячаў долараў у якасці кампенсацыі нанесеных стратаў.

Вам не падаецца, што ўсё апісанае вышэй – гэта нейкі трындзец? Нагадаю, за нашыя з вамі грошы.

Валера Руселік belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары