Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе просіць абодва бакі канфлікту выконваць узятыя на сябе абавязкі.
Старшыня Спецыяльнай назіральнай місіі АБСЕ ўва Украіне Эртурул Апакан занепакоены пагаршэннем сітуацыі з бяспекай на ўсходзе Украіны.
«Мы з клопатам адзначаем рэзкае пагаршэнне сітуацыі. Колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню дасягнула ўзроўню, якога мы не фіксавалі з лютага гэтага года», – цытуе дыпламата прэс-служба АБСЕ.
За перыяд з 11 па 17 снежня АБСЕ з дапамогай сваіх супрацоўнікаў, камераў відэаназірання, а таксама беспілотнікаў зафіксавала амаль 16 тысячаў парушэнняў спынення агню – на 35 % больш, чым за папярэдні тыдзень.
Назіральная місія сцвярджае, што бакі спыняюць агонь, але пасля зноў яго распачынаюць:
«Кульмінацыяй становяцца жорсткія баявыя дзеянні, якія прыводзяць да раненняў і смерцяў, а таксама да перабояў у функцыянаванні і разбурэнні жыццёва важных аб’ектаў грамадзянскай інфраструктуры».
Прэсавая служба АБСЕ падае, што Эртурул Апакан заклікаў бакі выконваць узятыя на сябе абавязкі.
ДД