Абстрэлы грамадскага транспарту ў Данецку: колькасць ахвяраў цяжка палічыць


Дакладную колькасць забітых і параненых цягам апошняга дня мірных жыхароў Данецку цяжка вызначыць.

У «Данецкай гарадской адміністрацыі» паведамілі, што ў выніку абстрэлаў у горадзе загінулі 15 мірных жыхароў, яшчэ да 20 – параненыя.

Баявы снарад трапіў у тралейбус №17 у Данецку, загінулі сем чалавек, паведамляе hromadske.tv.

Паводле Бі-Бі-Сі, 13 чалавек былі забітыя.

У гэтым жа мікрараёне снарад трапіў у прыпынак трамвая. У сацсетках пішуць, што вядома пра 10 загінулых.

Быў абстраляны таксама аўтобус маршруту №37 – ёсць загінулыя і параненыя, падае hromadske.tv.

Абстрэл грамадскага транспарту ў мікрараёне «Боссэ», імаверна, быў здзейснены з мінамёта. Далёкасць яго дзеяння – прыкладна 15 км. Дапускаецца, што абстрэл вёўся непасрэдна ўнутры гораду. Хто страляў – невядома.

Інфармацыю аб датычнасці ўкраінскіх вайскоўцаў да абстрэлу аўтобуса ў Данецку зняпраўдзілі ў Міністэрстве абароны Украіны.

«Абстраляны тралейбус знаходзіўся на адлегласці больш за 15 км ад месца дыслакацыі сіл Антытэрарыстычнай аперацыі, што выключае іх дачыненне да жахлівага акту», – заявілі ў прэс-службе Мінабароны.

Прарасейскія сепаратысты віну ўскладаюць на ўкраінскіх жаўнераў. Лідар ДНР Аляксандр Захарчанка паабяцаў прывезці палонных абаронцаў данецкага аэрапорту на месца расстрэлу аўтобуса ў Данецку. Расейскія медыі ўжо выклалі відэа з адным палонным. Яго прывезлі на месца трагедыі ў аўце з расейскімі нумарамі (Свярдлоўская вобласць).

МЯ, паводле hromadske.tv, Бі-Бі-Сі

Стужка навінаў