Абстрэл Варонежа, або Тыя, каго не шкада

У нашых суседзяў-расейцаў ёсць такі вобраз: «Страляць па Варонежы». Не, не маецца на ўвазе, што злосны вораг нацэліў ракеты на сталіцу расейскага Чарназем’я. Так расейцы кажуць, калі ўласны ўрад здзяйсняе крок, накіраваны на пагаршэнне сітуацыі ў саміх сябе. Не ва ўрада, які, кажучы словамі Ежы Урбана, прэс-прадстаўніка Войцэха Ярузэльскага часоў ваеннага становішча, заўсёды знойдзе, што з’есці. У мільёнаў звычайных грамадзян Расеі. Бо сітуацыя такая: вы ўводзіце супраць нас санкцыі, а мы ў адказ абстраляем Варонеж! Чаму менавіта Варонеж? Таму што яго не шкада, А да вас, гады, ракеты могуць не даляцець (таму што саб’ёце на падлёце).

Рашэнне беларускага ўрада закрыць дарогі з краіны, за выключэннем аэрапорта «Менск-2» – гэта такая стральба па ўласным нашым Варонежы. Маўляў, вы там, гады, на заходнім баку Буга і далей, не пускаеце нашых чыноўнікаў, уключаючы дзяцей прэзідэнта (самога –зразумела, але старэйшага, цалкам вусатага першага віцэ-прэзідэнта, які даўно таксама бацька – яго-то за што?!). Так мы знайшлі вам сіметрычны адказ! Атрымайце і распішыцеся!

Марш мудрасці. Менск, Беларусь. 30 лістапада 2020 г.
Фота: ТК / «Белсат»

Практычная карысць ад гэтага кроку для краіны невялікая. Айцішнікі, хто спрытнейшы, ужо зрабілі ногі. Хто не надта спрытным быў – напружыцца, ды купіць авіябілет. Застаецца, праўда, праблема з сем’ямі, але тут загагуліна такая атрымліваецца: калі кадр – сапраўды каштоўны, і калі такіх кадраў шмат, то буйная айці-кантора і чартэр наняць можа. А калі і чартэр не выпусцяць, то вылезе народ праз расейскую фортку: квіток у Маскву, адтуль – альбо канчаткова ў Еўропу, альбо праз Еўропу – ва ўсё той жа жаданы Кіеў.

У тых хто застаўся настрой ад гэтых маніпуляцый з падзаконнымі нарматыўнымі актамі наўрад ці палепшыцца. Усё ж – далёка не ідыёты, усе разумеюць: пандэмію кавіда такім чынам не спыніш, так што кожны, чые дзеці маглі б пакінуць краіну на пэўны час, успрымае сябе як раз у ролі жыхара гэткага беларускага Варонежа. Маўляў, хацелі як горш – вось горш і стала. Яны стануць праз гэтабольш лаяльнымі да Лукашэнкі? Яны палюбяць Галоўчанку дзіўнаю любоўю, якую не пераможа іхны розум, і прагаласуюць за яго сумленна і без фальсіфікацый? Не сьмяшыце ўласныя пагранатрады, якія плаўна ператвараюцца ў заградатрады, спадары!

Hавiны
Цяпер афіцыйна: сцягі на вокнах – гэта масавыя мерапрыемствы
2020.12.10 19:59

Пацерпяць тыя, хто ездзіў у Польшчу, Латвію і Літву на закупкі – гэта значыць, асобы з узроўнем жыцця крыху ніжэйшым за сярэдні. Плюс дробны прадпрымальнік. Гэта значыць, усе тыя, каго – пры наяўнасці мазгоў і добрай волі – улада ўжо даўно магла перацягнуць на свой бок каната. Але іх відавочна раззлуюць гэтым рашэннем яшчэ больш.

А разам раззлуюць і тых, хто арыентаваўся на Расею як на рынак працы, дзе можна было прадаць сваю працоўную сілу.

Так, яшчэ не зразумела, ці тычыцца гэтае распараджэнне Савета Міністраў і расейскага кірунку. Але калі не тычыцца – які наогул сэнс маскіраваць прынятае рашэнне пад «каранцінныя» захады? Бо ў Расеі сітуацыя з кавідам не нашмат лепшая, чым у нас. А калі тычыцца, то вельмі хутка ад закрыцця межаў давядзецца адмаўляцца: дагэтуль у нашых уладаў была слабая надзея, што электарат Сяргея Ціханоўскага зменшыцца як раз дзякуючы хуткаму ад’езду на расейскія будоўлі.

Увогуле, я не ведаю, каму менавіта з лукашэнкаўскага атачэння павінна быць удзячная за гэтае глупства Святлана Ціханоўская. Але яе прыхільнікаў відавочна стане больш. Не кожны ж дзень «бомбы» рэальна трапляюць у «Варонеж». А тут – такі падарунак!

Натуля, дзякуй! Наліце сабе яшчэ масандры!

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў