АБСЕ: З Расеі ў Данбас заехалі 30 тыс. асобаў у вайсковай форме


Спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ зафіксавала больш за 30 тыс. асобаў у вайсковай форме, якія ўехалі на Данбас з боку Расеі.

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе прадстаўніка ЗША пры АБСЕ Дэньела Бэра.

Ён адзначае, што ЗША ўжо неаднаразова заклікалі Расею выканаць свае абавязальніцтвы, што прапісаныя ў Менскіх дамоўленасцях. У прыватнасці, прадаставіць місіі АБСЕ доступ да межаў, каб прадстаўнікі арганізацыі мелі магчымасць назіраць за сітуацыяй.

«Нягледзячы на жорсткія абмежаванні, накладзеныя на мандат назіральнай місіі і на аперацыйныя працэдуры, місія аказалася ў стане задакументаваць дэстабілізацыйную і дэструктыўную дзейнасць Расеі на ўсходзе Украіны. Місія назіральнікаў зафіксавала больш за 30 тыс. асобаў у вайсковай форме, якія перасеклі мяжу толькі на двух кантрольна-прапускных пунктах. Уявіце сабе, колькі такіх перасячэнняў мяжы ў месцах, да якіх мы не маем доступу», – адзначыў Дэньел Бэр.

У справаздачы не ўдакладняецца, пра які перыяд ідзе гаворка, але з тэксту вынікае, што маецца на ўвазе ўвесь час працы місіі з 2014 года.

Чытайце таксама >>> У Беларусь уцяклі 160 000 перасяленцаў з Данбасу

Паводле яго, вышэйназваныя асобы адразу пасля перасячэння мяжы атрымліваюць зброю ад сепаратыстаў.

Заявы Расеі пра тое, што гэтыя мужчыны і жанчыны едуць ва Украіну ў якасці цывільных асобаў, зʼяўляюцца спробай скрыць праўду, мяркуе Бэр, бо яны едуць «ваяваць».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў