Абраць дэпутата беларусам абыходзіцца танней, чымся палякам, украінцам і расейцам


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына

Беларуская парламенцкая кампанія – самая танная сярод нашых суседзяў.

6 жніўня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі распавяла журналістам, што на правядзенне парламенцкіх выбараў у Беларусі плануецца выдаткаваць каля Br 23 млн, падае БелТА.

«Выніковая лічба – каля Br 23 млн», – сказала Лідзія Ярмошына.

Яна ўдакладніла, што гаворка ідзе і пра выбары ў Палату прадстаўнікоў, і пра выбары ў Савет Рэспублікі. У параўнанні з папярэднімі парламенцкімі выбарамі фінансаванне сёлетніх павялічылася на Br 1 млн.

«Гэта звязана з ростам сярэдняй заработнай платы па краіне», – патлумачыла Ярмошына.

Такім чынам, абраць сваіх законатворцаў беларускаму бюджэту абыходзіцца танней, чымся суседскім.

На сёлетнія датэрміновыя выбары ў парламент Украіна выдаткавала каля $ 78 млн. На выбары ў Сейм і Сенат, якія адбудуцца ўвосень, Польшча зарэзервавала каля $ 117 млн. На выбары ў Дзяржаўную думу 2021 года расейскі бюджэт прадугледжвае каля $ 193 млн.

Такім чынам, кошт абрання аднаго беларускага законатворцы – каля $ 65 000, польскага – 108 000, украінскага – 173 000, дэпутата расейскай Дзяржаўнай думы – 428 000.

Сёння ў Менску праходзіць паседжанне Цэнтральнай выбарчай камісіі, на якім прымаюцца пастановы па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў у Нацыянальны сход Беларусі 7-га склікання.Вядома, што ўжо зацверджаны каляндарныя планы выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі.

  • 5 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указы аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў на 7 і 17 лістапада 2019 года адпаведна.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў