Абраны праект помніка князю Гедыміну ў Лідзе 


Канцэпт помніка на месцы ўсталявання. Фота 0154.by

Заснавальнік Лідскага замку будзе сядзець на кані ў багатым княскім убранні, трымаючы руку на мячы. Журы абрала эскіз Вольгі Нячай і Сяргея Аганава падчас адкрытага конкурсу «Заснавальнік замку князь Гедымін», піша сайт Лідскага райвыканкаму.

Скульптуру плануецца ўсталяваць у скверы на перасячэнні вуліц Грунвальдскай і Замкавай, каля паўночнай сцяны Лідскага замку, піша мясцовы сайт 0154.by.

Лідскі раённы выканаўчы камітэт абвесціў конкурс на лепшы эскіз будучай скульптуры ў кастрычніку 2017 года. Сярод 28 заявак, якія для ананімнасці былі зашыфраваныя чатырохлічбавымі нумарамі, на мінулым тыдні была абраная адна.

Да муроў замку

Скульптурны эскіз помніка. Фота 0154.by

Помнік паказвае князя Гедыміна ў дасканалым рыцарскім даспеху, але без шлему і ў багатым убранні. Князь у раскошных шатах з доўгім шлейфам едзе на кані – відавочна, што гэта ўрачысты ўваход валадара ў свой замак.

На галаве князя карона – Гедымін, як раней Міндоўг, называў сябе каралём.

Магчыма творцы мелі на ўвазе візіт князя ў 1320-я гады ў пабудаваную па ягоным загадзе ў 1323 годзе на зліцці рэк Лідзеі і Каменкі фартэцыю. Першыя сцены складаліся з валуноў і больш дробных камянёў, пазней былі ўмацаваныя чырвонай цэглай.

Скульптурны эскіз помніка. Фота 0154.by

Лідскі замак бараніў паўночна-заходнія межы Вялікага княства Літоўскага ад крыжакоў Тэўтонскага ордэну, уваходзячы ў адзіную абарончую сістэму разам з Горадняй, Наваградкам, Крэвам, Тракаем, Медніцкім замкам.

Лідскі замак і сучасная Ліда. Фота http://travelask.ru

Сучасная Ліда вырасла вакол замку, дзякуючы абароне, якую давалі пры небяспецы ягоныя муры. У XVI стагоддзі горад атрымаў магдэбургскае права. Зараз у замку штогод праводзіцца рыцарскі фэст. У гэтым годзе павінна быць скончаная рэстаўрацыя замку, якая пачалася ў 2006 годзе.

Валадар

Гедымін нарадзіўся каля 1275 году, узначаліў Вялікае княства каля 1316 і загінуў у баі пры аблозе тэўтонскага замку Баербург у 1341 годзе ад стрэлу з агняпальнай зброі.

Пры Гедыміне была заснаваная (упершыню сустракаецца ў пісьмовых крыніцах) і стала сталіцай ВКЛ Вільня. Дзякуючы ягонаму шлюбу з полацкай князёўнай Вольгай Усевалодаўнай нарадзіліся Альгерд і Кейстут – паўстала дынастыя Гедэмінавічаў, якая мае непасрэдную сувязь з полацкімі Рагвалодавічамі. З сямі сыноў Гедыміна пяцёра былі хрысціянамі, а ўсе дачкі былі замужам за хрысціянскімі каралямі і князямі.

Лідскі замак на карціне мастака Паўла Татарнікава. bizlida.by

Князь заставаўся паганцам, але заснаваў Літоўскую праваслаўную мітраполію з цэнтрам у Наваградку, падпарадкаваную непасрэдна Канстанцінопалю. Таксама вёў перамовы аб хрышчэнні з папам рымскім Янам Ян XXII.

Падчас кіравання Гедыміна ВКЛ павялічылася ў два разы і рэзка ўзмацнілася. Князь паспяхова ваяваў з тэўтонамі, Ноўгарадам, змагаўся з уплывам Маскоўскага княства на рускія землі.

Творцы

Вольга Нячай – мастачка, скульптар, дызайнер, магістр мастацтвазнаўства. Працуе ў жанрах манументальнай скульптуры, анімалістыкі, дробнай пластыкі, дэкаратыўнага мастацтва, жывапісу і дызайну. Нарадзілася ў Менску ў 1985 годзе.

Сяргей Аганаў – мастак і скультар, працуе з керамікай, бронзай, камянём, дрэвам. Самыя вядомыя ягоныя скульптуры – «Войт» каля ратушы ў Менску, скульптура княгіні Анастасіі Слуцкай у сталіцы яе княства, помнік князю Давыду Гарадзенскаму. Нарадзіўся ў Лідзе ў 1974 годзе.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары