«Абодва нашыя народы выпілі да рэшты чашу нянавісці». Мітынгам у сталіцы згадалі 75-ю гадавіну знішчэння Менскага гета


Каля 100.000 беларускіх габрэяў былі знішчаныя 21 кастрычніка 1943 года нямецкімі нацыстамі ў Менску – было ліквідаванае Менскае гета, створанае ў 1941 годзе. З заклікам памятаць пра ахвяраў злачынных рэжымаў 20-га стагоддзя і не дапусціць паўтарэння трагедыі звярнуліся да грамадскасці ўдзельнікі памятнага мітынгу каля помніка «Яма» у Менску.

Палітыка з даўнімі каранямі

У мітынгу прынялі ўдзел каля паўтысячы чалавек, у тым ліку былыя вязні з Менскага гета, беларускія і ізраільскія ўрадоўцы, амбасадар Нямеччыны, прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў, Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла.

Калі нацысты прыйшлі ў Менск, яны, плануючы масавыя забойства габрэйскага насельніцтва, зрабілі стаўку на пашырэнне і ўзмацненне антысеміцкіх настрояў. Адным са спосабаў дыскрымінацыі, адасаблення і ў выніку знішчэння людзей стала стварэнне гета ў шматлікіх беларускіх гарадах, у тым ліку ў Менску.

У 1941 годзе пасля таго, як савецкая акупацыя Беларусі змянілася нямецкай, нацысты, адпаведна са сваёй антысеміцкай палітыкай, стварылі ў горадзе зачынены квартал для іншых жыхароў Менскага раёну, межы каторага праходзілі па: Калгасным завулку, р.Свіслач, вуліцам Астроўскага, Рэспубліканскай, Шорнай, Калектарнай, Мебельным завулку, вул. Нізавой, 2-м Апанскім завулку і Заслаўскай вуліцы.

«75 год таму было знішчана Менскае гета, а боль ад гэтай трагедыі не сціхае. Гэта боль за старых, дзяцей, жанчын і мужчын, якія былі пазбаўленыя жыцця толькі за іхнае паходжанне. Больш за 100 тысяч габрэяў прайшлі тут праз сапраўднае пекла – голад, холад, прыніжэнне і катаванні», – прачытаў зварот Аляксандра Лукашэнкі да ўдзельнікаў памятных імпрэзаў намеснік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімер Жэўняк.

Гэтая палітыка мела даўнія карані: пасля акупацыі Вялікага княства Літоўскага расейскія ўлады ўвялі так званую «рысу аселасці» – забарону перасяляцца габрэям з польскіх і беларускіх губерняў у расейскія губерні імперыі, а таксама стварылі і іншыя дыскрымінацыйныя законы.

Крызіс, а потым крах Расейскай імперыі знішчылі муры гэтага вялізнага гета, але ў Беларусі ў 1920-1930-я гады захаваўся і нават узмацніўся антысемітызм – у асноўным з-за таго, што ўлада бальшавікоў стала для значнай часткі беларускага і мясцовага польскага насельніцтва асацыявацца з габрэямі. У 1941 годзе гета вярнуліся ў яшчэ больш страшным выглядзе.

Сціснутыя на пары квадратных кіламетраў

«З Менску родам некалькі пакаленняў нашай сямʼі, сюды пасля дэмабілізацыі вярнуўся з вайны мой тата. Беларусь страціла 25% насельніцтва падчас вайны, і сярод гэтай лічбы амаль мільён – забітыя беларускія габрэі… Абодва нашыя народы выпілі да рэшты чашу нянавісці. Сёння беларускія габрэі – надзейнае звяно, якое звязвае нашыя краіны», – адзначыла міністр Ізраіля па рэпатрыяцыі і інтэграцыі Софа Ландвер.

На тэрыторыю прыкладна ў 2 квадратныя кіламетры ў ліпені 1941 году нямецкая ўлада загадала перасяліцца 80.000 чалавекам – што складае больш за чвэрць даваеннага насельніцтва гораду. З гэтага раёну павінны былі выселіцца ўсе не-габрэі, а на іхнае месца засяліцца ўсе габрэі Менску. Спачатку паміж жыхарамі адбываўся звычайны абмен жыллём, але потым пад ціскам немцаў габрэйскае насельніцтва пачало кідаць свае дамы і прыходзіць у гета, бо жыць па-за межамі гета было забаронена пад страхам смяротнага пакарання.

Для рассялення жыхароў і арганізацыі ўнутранага жыцця гета немцы пастанавілі стварыць орган унутранага самакіравання – юдэнрат – 2-павярховы будынак якога знаходзіўся на Юбілейнай плошчы. Беларуская гарадская ўправа павінна была заняцца рассяленнем жыхароў, якія пераязджалі з раёну будучага гета ў вольную частку гораду.

Гаспадарамі жыцця і смерці ўнутры гета сталі органы СС, якія наўпрост давалі загады і ставілі ўмовы юдэнрату – патрабуючы здачы грошаў і каштоўных металаў. Юдэнрат арганізоўваў парадак у гета з дапамогай узброенай палкамі габрэйскай паліцыі.

Тэрыторыя гета была абнесеная калючым дротам і па перыметры патрулявалася нямецкай і беларускай паліцыяй – нацыстоўская прапаганда пераконвала беларускіх паліцэйскіх, што габрэі ня толькі дапамагаюць бальшавікам, але і ёсць адной з крыніцаў звычайнай крымінальнай злачыннасці.

Усе жыхары гета мусілі нашыць на вопратку жоўтыя кругі ці зоркі, каб іх было адразу бачна сярод іншых менчукоў, таксама – белую нашыўку з нумарам дому пражывання – усе дамы ў гета атрымалі новую нумарацыю ад №1 да 273.

Ад частковых да татальных ліквідацыяў

Некалькі разоў у гета эсэсаўцы праводзілі пагромы ў гета – каб знішчыць «лішніх» ці, верагодна, згодна са сваймі фантастычнымі ўяўленнямі пра «жыдабальшавізм», наказаць насельніцтва гета за дыверсіі савецкіх падпольшчыкаў і партызанаў.

Першы такі пагром адбыўся ўжо ў лістападзе 1941 году, перад тым, як у Менск прыбылі першыя цягнікі з габрэямі з Нямеччыны. Каб пасяліць новых людзей у гета, нацысты вырашылі знішчыць частку «лішніх».

Вялікія пагромы ў Менскім гета адбыліся яшчэ двойчы – у сакавіку і ў ліпені 1942 году.

А ў кастрычніку 1943 года жыхары гета былі цалкам знішчаныя – часткова на месцы, у той самай «Яме», дзе адбываўся мітынг – а часткова ў канцлагеры Трасцянец, тэрыторыя каторага зараз ужо знаходзіцца ў межах Менску.

У выніку генацыду габрэйскае насельніцтва Менску, якое не паспела збегчы з гораду, загінула амаль цалкам – лічыцца, што з 100.000 чалавек, якія патрапілі ў гета, выжыла ня больш за 2-3 адсоткі.

Цяпер у Беларусі яшчэ жывуць 74 вязня створаных нацыстамі гета, з іх каля паловы – вязні Менскага гета.

«Бог даў мне памяць, а беларусы мяне ўратавалі, каб я змагла распавесці пра Менскае гета», – сказала ў сваім выступе Фрыда Рэйзман, адна з былых вязняў.

Аляксандр Гелагаеў, фота аўтара belsat.eu

Стужка навінаў