Або закон супраць хатняга гвалту, або «стаім роўненька»

Ведаеце, чаму Лукашэнка гэтак рэзка адрэагаваў на канцэпцыю законапраекту аб хатнім гвалту? У саманазванага «бацькі» ў галаве не месціцца, што ў хатніх лукашэнак могуць забраць з рук скураны пас, каб хто-кольвек, пацярпелы ад хатніх «рэпрэсіяў», меў спадзевы на прытулак, а ўжо тым больш на «санкцыі». Піша Зміцер Ягораў.

Давайце дамовімся: гэты тэкст не дыскусія пра тое, што шлёпаць дзяцей – няправільна, што біць жонку (а хоць бы і мужа, бацьку, маці ці ўнучатага пляменніка) – ганебна і недапушчальна. Бо гэта асобная тэма-падмурак. Гэтаксама немагчыма размаўляць пра марскую навігацыю, дапускаючы, з павагі да суразмоўцы, што Зямля плоская. Ці часам плоская, ці плоская праз традыцыі, ці плоская дзеля ейнага ж дабра.

Праект канцэпцыі Закону «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту» – гэта былі накідкі мапы. Якія «капітан Лукашэнка» дэманстратыўна парваў, прыгаворваючы, што Зямля – плоская і Віця гэтаму сведка. А накідкі былі б для нашага карабля карысныя, а мапа – Закон – патрэбная. І вось чаму.

«Калі зарэжуць – тады і прыходзьце»

Няма падлейшай і горшай з’явы за гвалт у сямʼі. Цярпяць ад яе зазвычай самыя безабаронныя – дзеці, жанчыны і старыя. Як слабейшы можа адрэагаваць на гвалт? Цярпець ці спрабаваць залагодзіць, або ўцячы. Калі ёсць да каго.

Міліцыя, як правіла, неахвотна «лезе ў сямейныя справы». І зразумела чаму: як дзейнічаць – незразумела, рэальных эфектыўных рычагоў уздзеяння няма. Штогод па дапамогу ў міліцыю ў сувязі з хатнімі канфліктамі звяртаюцца больш за 180 тысячаў разоў. Але да адказнасці прыцягваюць у найлепшым выпадку аднаго з трох агрэсараў. Ды і ахвяры часцяком супраць пакарання, бо часцей за ўсё агрэсараў… штрафуюць. Такім чынам дзяржава карае ўсю сямʼю, бо хатнія бюджэты, як правіла, агульныя.

Цяперашняе заканадаўства, хаця б на паперы, але прадугледжвае дапамогу ахвярам хатняга гвалту. Але каб гэтую дапамогу атрымаць, дзяржава чакае, каб грамадзяне здорава нацярпеліся: спачатку з тым, хто распускае рукі, будуць весці прафілактычныя размовы, потым вынесуць афіцыйнае папярэджанне, потым паставяць на ўлік і толькі пасля гэтага магчымае «абарончае прадпісанне» – норма, якая забараняе агрэсару, напрыклад, кантактаваць з ахвяраю. А як няма аформленых заяваў, то якая ж ты ахвяра? Іншая справа – калі даходзіць да цялесных пашкоджанняў ці замаху на жыццё. Тады пачынаюць дзеяць нормы Крымінальнага кодэксу.

Паводле адрынутай канцэпцыі механізм абароны і права на сацыяльную дапамогу можна было б запусціць нават без заявы. Ну а пакуль, як у тым анекдоце пра міліцыю – «калі зарэжуць – тады і прыходзьце».

Традыцыйная сямʼя

Хлопчык у шлеме танкіста. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Аляксандр Лукашэнка абурыўся, што ў канцэпцыі закону «модная на захадзе фармулёўка» – гэта пра супрацьдзеянне гвалту ў сямʼі. І, як належыць папулісту, пачаў разглагольстваваць зусім пра іншую тэму. Галоўнае – каб выклікаць эмоцыі. «Мужык на мужыку жэніцца» – гэта аргумент паборніка «традыцыйнай сямʼі», які колькі гадоў не жыве са сваёй жонкаю і хаваў свайго малодшага сына ад усіх. А хто маці сына, дакладна грамадскасць гэтак і не ведае.

«Гэта нашая традыцыя, нашае жыццё і мы будзем гадаваць так, як трэба», – працягвае Лукашэнка пасля таго, як прызнаўся, што старэйшаму сыну Віктару ад яго «трапляла».

Увесь гэты папулістычны шум не мае аніякага дачынення да канцэпцыі новага закону. Я нават сумняюся, што Лукашэнка ўвогуле чытаў, хоць па дыяганалі, тую канцэпцыю закону. Затое вось абаронцам «традыцыяў» выступіў.

Толькі якіх? Біць дзіця, каб выгадаваць годнага чалавека? Біццё выклікае толькі страх, сорам і боль. А сапраўды традыцыйная сямʼя – гэтая тая, што напоўненая любоўю, паразуменнем. Дом – гэта месца, дзе бяспечна ўсім. А калі малыя пальчыкі лезуць у разетку – трэба паставіць заглушку, а не біць па руках.

Ці мы пускаем дзяржаву ў сямʼю?

Сям’я Косцікавых, у якой хацелі забраць дзяцей праз малую плошчу жылля. Архіўнае фота.

Да таго, як на тэму закону «адпаліў» Лукашэнка, крытыкаю ідэі займаліся бадай што толькі рэлігійныя дзеячы ды актывісты. Але цяпер чуваць засцярогі, што гэткім законам пачалі б злоўжываць супраць… ды каго заўгодна. Маўляў, да кожнага можна было б прыйсці дадому і запратакаліраваць, што на пліце няма свежага баршчу, а таму дзяцей трэба забраць.

Шаноўныя, рэаліі такія, што дзяржава можа ўламацца ў ботах у любы дом, з любой прычыны ці без яе. Нават «Фраў А» патрэбная выключна для маштабных паказальных «чыстак».

Калі хочаце, сямʼя – гэта міні-дзяржава, са сваймі законамі і бюджэтам. Канцэптуальна Лукашэнка жыве па гіпертрафіраваным законе «мой дом – мая крэпасць». Вось і мутузіць сваіх «дзяцей», «дзеля іх жа дабра» на плошчах і пікетах. Якія правы чалавека? Хто звяртаецца па дапамогу звонку, або спрабуе спыніць гвалт – той становіцца ворагам. Іншыя «сямейнікі» мусяць «стаяць роўненька» і глядзець, як глядзеў Дзіма Лукашэнка, калі «пападала» Віці.

Закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту не даў бы нейкіх звышпаўнамоцтваў дзяржаве. Але пры правільным выкарыстанні, дапамог бы тысячам. І тым больш дзіўна і прыкра выглядае пазіцыя Беларускай праваслаўнай царквы і Каталіцкага касцёлу, якія выступілі фактычна з тымі ж прыёмамі, якія выкарыстоўвае Лукашэнка. Праваслаўная царква баіцца, што ў бацькоў забяруць магчымасці самастойна выхоўваць дзяцей, а Каталіцкі касцёл пабачыў «наступ на традыцыйныя каштоўнасці» і «размыванне панятку сямʼі». Можа яны таксама тую канцэпцыю і не чыталі? Або, як і дзяржава, прызвычаіліся заходзіць у нашыя дамы, не грукаючы ў дзверы.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў