«Абмежавалі аперацыі дабраякасных пухлінаў». Як каронавірус уплывае на лячэнне раку ў Беларусі?


Анкалагічны хірург падчас працы. Ілюстратыўнае фота: Валерый Матыцын / ТАСС / Forum

Каронавірус на лячэнне анкалагічных хворых у Беларусі ўплывае мінімальна, а айчынная медыцына агулам дае рады з эпідэміяй, распавядае «Белсату» на ўмовах ананімнасці лекар-анколаг аднаго з раённых шпіталяў краіны. І дадае: «Пакуль што».

Як эпідэмія каронавіруса адбіваецца на вашай працы і працы вашых калег-анколагаў?

«Абмежаваліся толькі планавыя ўмяшанні па дабраякасных пухлінах, але калі [аперацыю трэба зрабіць] тэрмінова – можна тэлефанаваць, дамаўляцца, усё можна вырашыць. Якіх-кольвек праблем у анкалагічнай дапамозе я не бачу.

Я камунікую з калегамі і ў курсе таго, што адбываецца ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медычнай радыялогіі, а таксама ў анкадыспансеры той вобласці, дзе я жыву і працую, і магу сказаць, што гэткая сітуацыя агульная не толькі для маёй лякарні, але і для ўсёй краіны.

Новости
Эпидемиолог рассказал о карантине, масках и пике эпидемии коронавируса в Беларуси
2020.04.11 15:15

Пра тое, каб анколагаў рыхтавалі для дапамогі ў лячэнні каронавіруса, я не чуў. Ведаю толькі, што адно з аддзяленняў – здаецца, прамянёвае – Менскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера часткова пераабсталявалі пад лячэнне каронавіруса. (Галоўны лекар МГКАД не пацвердзіў і не зняпраўдзіў гэтага нашай рэдакцыі. – Заўв. «Белсат»)

Што ў сувязі з эпідэміяй вас найбольш здзіўляе апошнім часам?

Бачу, што ў грамадскім транспарце людзі імкнуцца ездзіць у масках, але не магу сказаць, што людзей на вуліцах стала нашмат менш. Добра калі ў звычайныя дні – працу ніхто не адмяняў, – але бачу шмат людзей, якія шпацыруюць з дзецьмі на выходных. Па тэлевізары і ў інтэрнэце толькі і гаворкі, што пра каронавірус, але некаторыя ўсё роўна не рэагуюць на гэта.

Таксама здзіўляюць сходы ў цэрквах у гонар святаў – асабліва людзей у сталым веку: яны схільныя вірусу больш, захворванне ў іх працякае ў больш цяжкай форме. Гэта незразумела і нелагічна.

Адзначу, што цяпер на прыём у больніцы, у тым ліку маю, стала хадзіць менш людзей: усё ж такі большасць баіцца выходзіць з дому. Прыходзяць толькі ў выпадку крайняй неабходнасці, па некаторых пытаннях кансультуюцца па тэлефоне.

Новости
«Люди боятся, что мы контактные». Как работают Минский врач и фельдшер районной скорой в условиях пандемии
2020.04.14 15:47

Я б параіў так рабіць усім: зразумела, што самыя вялікая канцэнтрацыя хворых цяпер ва ўстановах аховы здароўя. Таму розныя медкамісіі і подпісы даведак – напрыклад, для вадзіцельскага пасведчання – лепей цяпер адкласці. Калі нешта людзей цікавіць, лепш удакладніць па тэлефоне.

Як вы думаеце, ці гатовая беларуская сістэма аховы здароўя да эпідэміі?

Складана сказаць. Калі паглядзець на рост захворвання ў розных краінах, то, падаецца, ніхто не быў да гэтага гатовы, не кажучы ўжо пра Беларусь.

У нас захады па барацьбе з каронавірусам пачалі прымаць яшчэ да таго, як зарэгістравалі першы выпадак: прадумвалася арганізацыя прыёму хворых, размежаванне патокаў пацыентаў і гэтак далей.

На сёння для хворых каронавірусам выдзелены цэлыя аддзялення, у больніцы паступаюць сродкі аховы. З пункту гледжання майго шпіталя праблем пакуль што няма. На сёння сітуацыя спакойная і досыць стабільная. Але ключавое слова – «пакуль што».

Наколькі, на вашую думку, рэальная колькасць інфікаваных каронавірусам адрозніваецца ад афіцыйнай лічбы хворых?

Гаварыць пра гэта складана. У кантактаў першага ўзроўню, якія цяпер ізаляваныя, можа быць каронавірус, які яшчэ не выяўляецца на слізістых.

Будзе рабіцца больш тэстаў – пачнецца рост інфікаваных. Гэта, у прынцыпе, нармальна. Іншая справа: трэба глядзець, якой якасці самі тэсты. Бо штамаў каронавірусу – некалькі, і невядома, наколькі адчувальны той або іншы тэст да таго або іншага штаму.

Натуральна, рэальна хворых нашмат болей, чым афіцыйна, але ў колькі разоў – незразумела. Я лічбамі раскідвацца б не стаў.

Запісаў Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў