Абласны суд заняў бок незалежных журналістаў, але яны ўпэўненыя: гэта не перамога


Суддзя Берасцейскага абласнога суду Руслана Сянько адмяніла рашэнне суду Ленінскага раёну Берасця ў адносінах да журналістаў Міланы Харытонавай і Алеся Ляўчука і адправіла справу на новы разгляд у суд першай інстанцыі.

Такое рашэнне было прынята 6 снежня. Але журналістаў яно не радуе.

Журналіст Мілана Харытонава

«Я не магу назваць гэта перамогай, паколькі добра знаёмы з гэтай схемай. У красавіку гэтага года тая ж суддзя Руслана Сянько адмяніла ў дачыненні да мяне рашэння Маскоўскага суду Берасця і адправіла справу на новы разгляд, але ўжо ў траўні я атрымаў усё той жа штраф – 25 базавых, то бок 612,5 рублёў. Не сумняюся, што зараз суд Ленінскага раёну Берасця вынесе мне і Мілане Харытонавай шраф. Падобныя рашэнні прымаюць, каб паказаць нейкую бачнасць незалежнасці судоў. Але на самой справе ўсё бессэнсоўна», – упэўнены Алесь Ляўчук.

Hавiны
Новы штраф незалежным журналістам з Берасця – больш за 1000 долараў ЗША
2018.10.23 17:21

Падтрымлівае гэтае меркаванне і журналістка Мілана Харытонава.

«На мінулым тыдні гэтая ж суддзя Сянько пакінула без зменаў абсалютна абсурдную пастанову суду Жабінкоўскага раёну ў дачыненні да мяне і Ляўчука. Нас судзілі, не гледзячы на тое, што выйшаў тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Мы бачым імітацыю правасуддзя. З шасці маіх справаў вярнулі на разгляд толькі адну, але я вельмі сумняюся, што пад час новага разгляду суд стане на мой бок», – распавяла Belsat.eu Мілана Харытонава.

Нагадаем, што 30 кастрычніка журналістаў судзілі ў судзе Ленінскага раёну Берасця па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП РБ – праца на замежнае СМІ без акрэдытацыі. Тады Харытонаву і Ляўчука абвінавацілі ў вырабе сюжэту для тэлеканалу «Белсат», у якім было расказана аб парушэннях закона падчас суду над праціўнікамі акумулятарнага заводу, які будуецца недалёка ад Берасця. Міліцыяй былі сфабрыкаваныя матэрыялы справы, у абвінавачванні не было ніякіх доказаў. А падчас працэсу супрацоўнікі міліцыі, якія выконвалі ролю сведак, не выйшлі з залі суду, чым зноў парушылі закон. Але суддзя Карпава іх дапытала, і вынесла абвінаваўчы прысуд – 50 базавых Ляўчуку і 30 базавых Харытонавай (1225 і 735 рублёў. – Belsat.eu).

Hавiны
Журналіст Алесь Ляўчук: Улады тэрарызуюць маю сям’ю
2018.11.05 17:11

У чацвер, 6 снежня, у абласным судзе ў дачыненні журналістаў разглядалі адразу дзве справы, і калі Руслана Сенько адправіла справу на новы разгляд, то суддзя абласнога суду Берасця Аляксандр Саўчук пакінуў без зменаў абсурднае рашэнне суду Камянецкага раёну, па якім Ляўчук і Харытонава вымушаны заплаціць 90 базавых штрафу або 2185 рублёў.

У гэтым годзе Мілану Харытонову і Алеся Ляўчука судзілі ўжо па 6 разоў. Іх агульны штраф – больш за 5 тысяч долараў. Толькі за гэты год суды Беларусі пакаралі журналістаў за супрацу на «Белсат» больш чым на 74 тысячы долараў.

ВІДЭА
«Мяне не папярэдзілі, што трэба па-беларуску»: фрылансэры запісалі на відэа перапалку з міліцыянтамі
2018.10.10 11:44

ХВ, Belsat.eu

Стужка навінаў