Абласная камендатура ў Гданьску пракаментавала затрыманне беларуса пасля страляніны ў офісе Reuters


Справай Сцяпана С. зоймецца акруговая пракуратура ў Гданьску, паведаміла belsat.eu афіцэр прэс-групы Абласной камендатуры паліцыі ў Гданьску Йоанна Кавалік-Касіньска.

«Я магу толькі пацвердзіць, што дайшло да здарэння. Затрымалі 30-летняга беларуса. Цяпер залежыць ад пракурора, колькі яго будуць трымаць. Высвятляецца хто, чаму і навошта. Мы дапытваем людзей, якія маглі нешта бачыць і чуць, бо ў будынку былі людзі. Напэўна была вынятая зброя, яе будуць дадаткова аналізаваць. Можна сказаць, што гэта толькі пачатак гэтага шляху», – распавяла Йоанна Кавалік-Касіньска.

Паводле прадстаўніцы гданьскай паліцыі, у следства ёсць версіі, але ніводная яшчэ непацверджаная, таму іх афіцыйна не агучваюць.

«Як амаль заўсёды, версіяў дзве, бо ёсць два бакі», – дадала яна.

Паводле польскага заканадаўства, забаронена публікаваць імя і фота затрыманага, справа якіх знаходзіцца на этапе да правядзення следства, прад’яўлення абвінавачвання і судовага рашэння.

Reuters адмаўляецца ад каментароў

Агентства выпусціла кароткую нататку: «Thomson Reuters ведае пра ўчорашнее здарэнне, і супрацоўнічае з мясцовымі органамі ўлады ў расследаванні».

Ад каментароў таксама адмовіўся беларускі МЗС.

Неафіцыйныя версіі здарэння

Інцыдэнт здарыўся 14 лістапада ў офісе «Thomson Reuters» у Гдыні. Пацярпелых у страляніне няма.

Паводле крыніц, блізкіх да кампаніі «Reuters», здарэнне было выпадковасцю. Беларус хацеў паказаць свой пісталет аднаму з калегаў. Калі зброю ўбачылі іншыя, то пачалася паніка. Падчас спробы вырваць у мужчыны пісталет, выпадкова адбыліся два стрэлы.

Ёсць інфармацыя, што страляніна адбылася падчас затрымання, а перад гэтым паліцыю выклікалі, бо мужчына меў пры сабе зброю, але не ўжываў яе — вяртаўся з трэніроўкі ў ціры.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі радыё «RMF FM», беларус меў пры сабе пісталет «Glock» і даўгаствольную зброю.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў