Абхазія скасоўвае візы для беларусаў


Непрызнаная дзяржава спросціць візавы рэжым для Беларусі.

Візавы рэжым для нашай краіны Абхазія ўвяла з пачатку сёлетняга красавіка. Неабходнасць атрымання візаў была ўведзеная для грамадзянаў «замежных дзяржаваў, з якімі ў Абхазіі не падпісаныя міжурадавыя пагадненні аб узаемных бязвізавых паездках».

Хутка пачнуць новыя правілы ўезду ў непрызнаную дзяржаву, як вынікае з заявы першага намесніка адміністрацыі прэзідэнта Абхазіі Дзмітрыя Шамбы.

Глядзіце яшчэ >>> «Развіццё турызму»: Аграсядзібы прымушаюць паведамляць пра замежных гасцей цягам 3 гадзінаў 

«З улікам атрыманых прапановаў, адміністрацыяй распрацаваны праект указа, які прадугледжвае ўсталяванне бязвізавага рэжыму для наступных катэгорыяў замежных грамадзянаў: замежных грамадзянаў-экскурсантаў, якія ўязджаюць у Абхазію ў складзе арганізаванай экскурсійнай групы на тэрмін не больш за содні, грамадзянаў Беларусі і Казахстану, якія ўязджаюць у Абхазію ў турыстычных мэтах на тэрмін не больш за два тыдні», – адзначыў Дзмітрый Шамба.

Чальцы адміністрацыі кіраўніка Абхазіі адобрылі праект указа.

Без візаў уязджаць у Абхазію могуць грамадзяне Расеі, Нікарагуа, Тувалу, непрызнанай Прыднястроўскай рэспублікі і Паўднёвай Асеціі.

НМ, belsat.eu, паводле РИА «Новости»

Стужка навінаў