АБФФ вырашыла не працягваць супрацу з «Белсатам». Каментар кіраўніцтва канала


АБФФ.
Фота: abff.by

Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» прыняла рашэнне аб непадаўжэнні супрацы з тэлеканалам «Белсат». Пра гэта вядзецца ў афіцыйнай заяве АБФФ.

У сувязі з адсутнасцю ў тэлеканала «Белсат» акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі, а таксама ў сувязі з адсутнасцю дзейнага пагаднення з АБФФ аб умовах акрэдытацыі медыяў, якое з’яўляецца абавязковым для атрымання ТБ і радыё акрэдытацыі, Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» вырашыла не працягваць супрацу з журналістамі «Белсата» у частцы асвятлення «Беларусбанк – вышэйшай лігі» сезона 2020 года, «Макслайн – першай лігі» сезона 2020 года, «Парыматч – Кубка Рэспублікі Беларусь» сезона 2020/2021 і іншых турніраў пад эгідай АБФФ і прыпыніць дзеянне ТБ-акрэдытацыі АБФФ.

«АБФФ дзякуе тэлеканалу «Белсат» за шматлікія сюжэты пра беларускі футбол і гатовая вярнуцца да разгляду пытання аб аднаўленні ТБ-акрэдытацыі пасля таго, як медыя будзе акрэдытаванае ў Міністэрстве замежных справаў Рэспублікі Беларусь», –гаворыцца ў заяве.

Рашэнне Асацыяцыі пракаментаваў намеснік дырэктара «Белсат TV» Аляксей Дзікавіцкі:

«Мы дзякуем Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» за шматгадовую і плённую супрацу на ніве папулярызацыі гэтага віду спорту і спадзяемся, што такая супраца будзе хутка адноўлена. Відавочна, што пытанне акрэдытацыі нашага тэлеканала ў Беларусі не ў кампетэнцыі АБФФ, да якой мы не маем ніякіх прэтэнзій.

«Белсат» неаднаразова звяртаўся да беларускіх уладаў з просьбай акрэдытаваць наш канал у Беларусі, але кожны раз мы, на жаль, атрымлівалі адмову. Тым не менш, мы будзем падаваць дакументы на акрэдытацыю зноў, бо лічым, што «Белсат» мае права працаваць і прысутнічаць у інфармацыйным полі Беларусі нароўні з іншымі медыямі. Падкрэслю, што гэты каментар зʼяўляецца адзіным афіцыйным каментаром да дадзенай сітуацыі.

Каментары калег, якія супрацоўнічалі або супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам, у сацсетках ці іншых медыях не адлюстроўваюць пазіцыю «Белсата»».

МГ/МВ belsat.eu

Стужка навінаў