Абаронцы жывёлін зрабілі антыкаляндар і даслалі яго ўраду


На дванаццаці старонках антыкалендара бяздомныя сабакі з прытулку «Адданае сэрца» распавядаюць пра архітэктурныя помнікі Горадні і сваё жыццё.

Актывісты выслалі антыкаляндар ураду, каб прыспешыць прыняцце закона аб абавязковым клеймаванні або чыпаванні хатніх жывёлін.

«Звычайны каляндар мы вешаем, каб любавацца ім, а гэты – каб ціснуць на сэрца, сумленне ды іншыя пачуцці, якія паўплываюць на прыняцце закона аб усеагульным клеймаванні або чыпаванні. Няхай вочы гэтых кінутых жывёлін глядзяць у душу», – распавяла grodno.greenbelarus.info старшыня гарадзенскай грамадскай арганізацыі абароны жывёлін «Адданае сэрца» Алена Шыманіца.


Клеймаванне – нанясенне адмысловай татуіроўкі на скуру жывёлы. Чыпаванне – увядзенне пад скуру мікрачыпа, на якім знаходзіцца інфармацыя пра жывёліну і ягонага ўладальніка.


Клеймаванне і чыпаванне спрашчае пошук жывёлін, дазволіць зменшыць колькасць выпадкаў крадзяжу пародзістых пітомцаў, а таксама дазволіць пакараць тых, хто выкінуў або біў свайго ката ці сабаку, піша grodno.greenbelarus.info.

Новы закон «Аб абыходжанні з жывёлінамі» распрацоўваецца ўжо больш за 10 гадоў.

У законапраекце прадугледжваецца абмежаванне колькасці жывёлін, якія могуць жыць у адной кватэры (адзін кот і адзін сабака, або два сабакі, або два каты). Таксама гаспадароў жывёлін абавяжуць прыбіраць за пітомцамі на вуліцы. Аўтары законапраекту пастанавілі, што чыпаванне будзе абавязковым толькі для «небяспечных пародаў сабак».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў