Абаронцы Калеснікавай патрабуюць спыніць ейны пераслед


І лічаць, што ўтрыманне Марыі пад вартаю парушае Канстытуцыю і з’яўляецца палітычна матываваным, паведамляе TUT.by са спасылкаю на прэс-службу Віктара Бабарыкі.

Марыя Калеснікава. Менск, Беларусь. 24 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар / belsat.eu

Адвакатка Марыі Калеснікавай Людміла Казак падала хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу падаабароннай. Яна прааналізавала ейныя публічныя выказванні і не знайшла там заклікаў да супрацьпраўных дзеянняў.

«Усе ейныя выказванні знаходзяцца ў межах гарантаванага кожнаму права на свабоду меркаванняў і аніякім чынам не парушаюць правоў і свабодаў іншых асобаў, не пасягаюць на нацыянальную бяспеку краіны, у сувязі з чым крымінальны пераслед за рэалізацыю фундаментальнага права на свабоднае выказванне свайго меркавання, ужыванне да яе меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту зʼяўляецца нічым іншым, як прымусам да адмовы ад сваіх перакананняў, што забаронена Канстытуцыяй. Пераслед Марыі зʼяўляецца палітычна матываваным», – гаворыць Людміла Казак.

  • Марыя Калеснікава была затрыманая раніцай 7 верасня ў цэнтры Менску. Яе спрабавалі вывезці на тэрыторыю Украіны, але яна парвала на мяжы свой пашпарт.
  • Цяпер яна ў СІЗА ў Жодзіне. Ёй выставілі абвінавачванне паводле арт. 361 Крымінальнага кодэксу – заклік да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў