Абаронцаў Курапатаў пакаралі адміністратыўнымі арыштамі


У судзе Менскага раёну 3 верасня адбыўся разгляд адміністратыўных справаў удзельнікаў абароны Курапатаў, што былі затрыманыя ў мінулую суботу.

Актывіста Дзяніса Урбановіча пакаралі 7 соднямі арышту, а Максіма Вінярскага – 10 соднямі арышту. Філіпа Шаўрова аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (490 рублёў).

Затрыманне адбылося пасля штурханіны актывістаў і аховы рэстарацыі «Паедзем, паядзім» у Курапатах. Міліцыя склала на актывістаў пратаколы за непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.4. КаАП) і парушэнне правілаў дарожнага руху (арт. 18.23. КаАП), паведамляе spring96.org.

Нагадаем, пачынаючы з 31 траўня адбываюцца пратэсты супраць рэстарацыі «Паедзем, паядзім», што месціцца ў 50 метрах ад урочышча Курапаты ў комплексе будынкаў так званага «Бульбаш-холу». На ўдзельнікаў абароны Курапатаў за гэты час складзены дзясяткі адміністратыўных пратаколаў. Шэраг актывістаў былі затрыманыя і прысуджаны да адміністратыўных арыштаў.

18 ліпеня лідар абароны Курапатаў, палітык Павел Севярынец аб’явіў пра пачатак поўнага грамадскага байкоту рэстарацыі. Байкот будзе распаўсюджвацца на пастаўшчыкоў «Паедзем, паядзім», наведнікаў, а таксама на іншыя бізнес-аб’екты ўладальнікаў рэстарацыі.

Саўладальнік «Паедзем, паядзім» Леанід Зайдэс заявіў, што не збіраецца закрываць або пераносіць рэстарацыю і з пратэстоўцамі весці перамовы ён не будзе

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 100 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў