Абʼяўлены набор у «Перакладчыцкую майстэрню»


На занятках будуць разглядацца пераклады розных літаратурных жанраў: верш, апавяданне, эсэ. У асноўным  беларускамоўныя пераклады з ангельскай, французскай, розных славянскіх моваў. Таксама сумесна з запрошанымі экспертамі будуць аналізавацца пераклады з іншых моваў.

Удалыя з мастацкай кропкі гледжання пераклады будуць апублікаваныя ў беларускай перыёдыцы, на сайце prajdzisvet.org, у альманаху Беларускага Калегіуму «Паміж», а таксама як асобныя выданні.

Каму будзе цікава ўзяць удзел?

– студэнтам перакладчыцкіх спецыяльнасцяў,

а таксама ўсім, хто хоча:

– зразумець спецыфіку мастацкага перакладу, адрознення яго ад іншых відаў перакладчыцкай дзейнасці;

– пазнаёміцца з асноўнымі тэндэнцыямі і рознымі мастацкімі падыходамі ў сусветным і беларускім перакладзе;

– сфармаваць у сябе практычныя навыкі перакладання як разумення чужога тэксту і яго адлюстравання ў сваёй мове і культуры.

Выкладчык майстэрні – Андрэй Хадановіч, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, перакладчык мастацкай літаратуры, літаратар. Аўтар васьмі зборнікаў паэзіі ды шматлікіх кніг перакладаў. Перакладчык з ангельскай, французскай, польскай, рускай, украінскай моваў. Выкладчык французскай літаратуры ў БДУ.

Працягласць навучання:

Заняткі адбудуцца з 13 студзеня да чэрвеня перыядычнасцю раз на тыдзень.

Як падаць заяўку?

Заяўкі на навучанне сумесна з кароткім матывацыйным лістом падаюцца на адрас info@belcollegium.org. Арганізатары таксама выказваюць пажаданне ў пакеце заяўкі атрымаць некалькі перакладаў (пару вершаў або некалькі старонак прозы разам з арыгіналам).

ВД, паводле belcollegium.org

Стужка навінаў