«Спадзяюся на лепшае». Лідзія Ярмошына – пра сёлетнюю прэзідэнцкую кампанію

Старшыня ЦВК адказала на пытанні журналістаў «Еўрарадыё» датычна галоўных навінаў сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі.

Пра абʼяднанне штабаў альтэрнатыўных кандыдатаў

Лідзія Ярмошына зазначыла, што абʼяднанне штабаў Валерыя Цапкалы, Віктара Бабарыкі і Святланы Ціханоўскай перадусім не парушае закон.

Марыя Калеснікава, Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала.

«Людзі могуць запрашаць пад свае сцягі каго заўгодна, калі іх мэты і погляды супадаюць», – пракаментавала яна.

Аднак у шчырасць такога абʼяднання старшыня ЦВК не верыць.

«Гэта ўсё носіць хутчэй рэкламны характар. Святлана Ціханоўская жа не вельмі хоча быць прэзідэнтам, яна ўдзельнічае ў выбарах дзеля кахання. Усе ўдзельнікі выбараў хочуць потым правесці перавыбары. Так што там няма мэты быць абраным», – заявіла Ярмошына.

Учорашнія словы Лукашэнкі пра тое, што прэзідэнтам Беларусі можа быць толькі чалавек, які адслужыў у войску, Лідзія Ярмошына лічыць абмежаваннем і несупадзеннем з міжнароднымі нормамі.

Лукашэнка: Не служыў у арміі – значыць, цябе на прэзідэнцкай пасадзе быць не павінна

«Гэта абмяжуе ўдзел у выбарах вялікай колькасці грамадзянаў. Можна быць мужчынай, і не служыць у войску па самым розным прычынам. У мяне падобная ініцыятыва адабрэнне не выклікае», – адказала старшыня ЦВК.

Аднак зазначыла, што чалавек, які служыў у войску больш спелы. Як і жанчына, якая паспела нарадзіць дзіця.

Скаргі ў ЦВК не маюць сэнсу

Лідзія Ярмошына наўпрост заявіла, што ўсе скаргі, якія зараз накіроўваюцца ў ЦВК, не маюць сэнсу і юрыдычнай сілы. А 15 ліпеня чарга ў ЦВК нават паралізавала працу ведамства.

«Гэта была не падача заяваў, а пратэставая кампазіцыя, якая маскіравалася пад падачу заяваў. Менавіта таму ЦВК прыняла рашэнне, што ўсе звароты ў камісію будуць толькі па пошце. І іх вельмі шмат, і яны аднолькавыя. Таму мы зараз паўпаралізаваныя», – заявіла Ярмошына.

Чарга ў ЦВК 15 ліпеня. Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Аднак на макулатуру звароты не адпраўляюць, а чытаюць у любым разе. Лідзія Ярмошына зазначае, што скаргі на рэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы не паўплываюць – зараз зрабіць іх кандыдатамі на прэзідэнцтва здолее толькі суд.

Нерэгістрацыя Бабарыкі

Нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі яна звязвае з адсутнасцю ў дэкларацыі аб даходах усёй маёмасці:

«Усе дакументы і дэкларацыі мы разглядалі на падставе лістоў, якія падавалі кампетэнтныя органы. Мы ж не патрабавалі прысуд суду. Чым адрозніваецца Бабарыка ад астатніх? Нічым».

Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат

У адказ на пытанне журналіста аб $ 900 тыс., якія знайшлі пры вобшуку на лецішчы Сяргея Ціханоўскага, Лідзія Ярмошына заявіла, што гэтыя сродкі былі ў яго знойдзеныя ў 2020 годзе, а дэкларацыя разглядалася толькі за мінулы год.

Магчымая адсутнасць міжнародных назіральнікаў Лідзію Ярмошыну хутчэй радуе.

«Мне будзе значна прасцей, таму што міжнародныя назіральнікі забіраюць шмат часу ў маленькага штабу ЦВК. Аднак мы да гэтага прывыклі, у нас ёсць свой алгарытм. Ці страціць яна ў якасці? Канешне. Не будзе хапаць нейкай фарбы, якая неабходная».

Ярмошына запэўніла, што ўсе беларускія назіральнікі, якія вылучацца адпаведна з заканадаўствам, будуць акрэдытаваныя. Запісацца ўжо можна, колькасць месцаў у назіральнікі неабмежаваная.

Хачу назіраць за выбарамі. Як гэта зрабіць?

Пра акцыі пратэсту

Лідзія Ярмошына назвала пратэсты ў беларускіх гарадах не «рэакцыяй грамадства», а «выбарчай тэхналогіяй».

«У спадара Бабарыка ёсць грошы. Ён наняў кваліфікаваных паліттэхнолагаў, у тым ліку замежных, і яны працуюць. Нашая камісія проста не падрыхтаваная да такога, бо мы не працавалі ў падобных умовах. Цяжка нам прыходзіцца зараз», – наракае Ярмошына.

Ля тэатру музкамедыі. Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Яна мяркуе, што за пратэстамі стаяць тыя, хто спрабуюць паспрыяць вызваленню Віктара Бабарыкі. Калі людзі хочуць выразіць сваю незадаволенасць з чымсьці, то яны мусяць у першую чаргу звярнуцца ў мясцовы выканкам і зарэгістраваць акцыю пратэсту.

Раней Ярмошына казала, што гэтыя выбары мусяць стаць для яе апошнімі: яна хоча пайсці на пенсію. Старшыня ЦВК падкрэсліла, што зараз гэтае жаданне стала яшчэ больш моцным. Аднак адразу звярнулася да ўсіх, хто заклікае да ейнай адстаўкі:

«Да мяне можна ставіцца па-рознаму, аднак у мяне ёсць адна якасць: абавязковасць. Калі я чатыры гады дала згоду кіраўніку краіны на працу падчас усяго ягонага тэрміну, я абавязаная прапрацаваць і прэзідэнцкія выбары. Як бы цяжка мне не было. Толькі безадказны чалавек, якому цяжка, кажа: «Усё кідаю і сыходжу». Як бы мне не было цяжка, я заўсёды выконваю свае абавязкі. Таму я буду працаваць, пакуль не скончыцца мой тэрмін або пакуль асоба, прызначыўшая мяне, не запрапануе сысці».

БДІПЧ АБСЕ ўпершыню не будзе назіраць на выбарах у Беларусі — не атрымалі афіцыйнага запрашэння ад МЗС

Яна мяркуе, што будзе на сваёй пасадзе меней за год. Патэнцыйны пераемнік Ярмошынай пакуль што невядомы.

«Гэтая праблема будзе вырашацца па часе. Пакуль што аніхто яе не абмяркоўвае».

«Ціханоўскі – небяспечны для дзяржавы і грамадства»

Заяву на Сяргея Ціханоўскага, Лідзія Ярмошына забіраць не збіраецца.

«Гэты чалавек небяспечны для дзяржавы і грамадства. Не толькі згодна з маёй заяваю, аднак і згодна з тымі дзеяннямі, што ён рабіў. Грамадства ўсё пабачыць, калі будзе суд».

Сяргей Ціханоўскі на пікеце ў Баранавічах. Фота: belsat.eu

Лідзія Ярмошына пракаментавала ініцыятыву штаба Бабарыкі аб фатаграфаванні свайго бюлетэня у дзень выбараў. Старшыня ЦВК сказала, што так можна рабіць. Аднак пакуль ідзе выбарчы дзень, гэты здымак нельга анідзе публікаваць.

Журналіст Зміцер Лукашук прыгадаў, што зараз ёсць шмат размоваў аб тым, што ўсе альтэрнатыўныя кандыдаты могуць аб’яднацца на карысць Святланы Ціханоўскай. Лідзія Ярмошына назвала гэтую ідэю супрацьнатуральнай.

«Кандыдаты ўдзельнічаюць у выбарах, каб перамагчы. А абʼяднанне гаворыць аб тым, што кандыдаты, якія бяруць удзел у выбарах не хочуць перамагчы. Гэта неалімпійскі прынцып».

Ярмошына зазначыла, што толькі дзейны кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка хоча працаваць прэзідэнтам.

«Калі выбарцы лічаць, што краіна мусіць існаваць у стане пастаяннай перадвыбарчай кампаніі, і што ў Беларусі ёсць лішніх $ 40 млн, бо дэмакраты грошы на выбары не шкадуюць, то гэта ягоны кандыдат».

Выбарчы ўчастак па Грушаўскай акрузе ў Менску, школа № 145. Фота: Belsat.eu

Сумленная праца

Лідзія Ярмошына зазначыла, што ЦВК не падлічвае галасы, а проста яднае вынікі, якія дасылаюць участковыя камісіі.

«Ва ўчастковых камісіях працуюць сумленныя людзі, якія з большага вучаць дзяцей тых самых выбарцаў. Што тут можна сказаць… Напэўна, агульная непавага, якая існуе ў грамадстве, да ўсяго афіцыйнага».

Прыхільнікі Віктара Бабарыкі заклікаюць запісвацца ў назіральнікі

Яна падкрэсліла, што працуе сумленна ў тых умовах, якія існуюць.

«Дзеянні мае накіраваныя на тое, каб забяспечыць інтарэсы ўсіх выбарцаў, а не толькі тых, якія прытрымліваюцца пэўных поглядаў».

Аднак агулам выбарчая кампанія праходзіць у роўных умовах для ўсіх кандыдатаў. Адзіная розніца: дзейны кіраўнік краіны больш карыстаецца дзяржаўнымі СМІ, астатнія жа часцей з’яўляюцца ў інтэрнэце.

«Магу толькі спадзявацца на лепшае»

Ярмошына не чакае аніякай рэакцыі ад Захаду, яна толькі спадзяецца на лепшае – прызнанне вынікаў выбараў. А бягучыя заявы ЕЗ і Еўрапарламенту яны лічыць міжнародным ціскам.

Магчымасць увядзення персанальных візавых санкцыяў для спадарыні Ярмошынай – не праблема. Яна прызнаецца, што шануе якасную літаратуру, і гэта для яе галоўнае. Пасля смерці сына Лідзія Ярмошына не ездзіць нікуды, дзе не гавораць па-расейску, таму магчымыя санкцыі яе не турбуюць.

Галоўныя канкурэнты Лукашэнкі ў прэзідэнцкай кампаніі ўдзельнічаць ня будуць

«Я заўсёды кажу, што галоўнае – свабода духу, а не перасоўванняў або чагосьці накшталт».

Вынікі выбараў яна прадказаць зараз не можа. Спадарыня Ярмошына падкрэсліла, што ЦВК нічому не давяраюць, апроч звестак ад выбарчых камісіяў.

Падлік галасоў на ўчастку №60 Маскоўскага раёна ў Берасці. Фота: belsat.eu

Магчымыя пратэсты пасля вынікаў выбараў 9 жніўня яна адразу назвала незаконнымі.

«Натуральна, што дзяржава на гэта адкажа», – заявіла Ярмошына.

Вынікі выбараў будуць абвешчаныя 10 жніўня ў эфіры Белтэлерадыёкампаніі.

КТ belsat.eu

Hавiны