ААН: сельскае насельніцтва Беларусі скароціцца ў 2 разы да 2050 года


Міжнародныя эксперты чакаюць, што жыхароў у Беларусі ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі будзе менш з кожным годам аж да канца стагоддзя. На гэтым фоне асабліва рэзка знізіцца колькасць сельскага насельніцтва нашай краіны – у два разы, гаворыцца ў апошнім дакладзе ААН.

Вёска, якая нас корміць

Цяпер у Беларусі прыкладна 2 мільёны чалавек жывуць у сельскай мясцовасці, у 2050 годзе іхная колькасць скароціцца на цэлы мільён, а гарадское насельніцтва пры гэтым толькі на 137 тысяч чалавек, прагназуе Дэпартамент эканамічных і сацыяльных пытанняў. Такім чынам, у гарадах будуць жыць амаль 90 % насельніцтва Беларусі.

Вёска Краснае Маладзечанскага раёну. Фота wikimedia.org

Пры гэтым ужо цяпер насельніцтва амаль усіх раёнаў Беларусі скарачаецца, прычым чыста эканамічныя сродкі падтрымання нараджальнасці ўжо амаль не дзейнічаюць, адзначаюць беларускія эксперты. Больш за тое, менавіта сельскія раёны Беларусі паказвалі пакуль большую нараджальнасць у пераліку на адну жанчыну, чым гарадскія, а значыць, падзенне насельніцтва ў вёсках заўважна пагоршыць агульнанацыянальную дэмаграфію.

Больш, чым у суседзяў

Паводле ўрбанізацыі – адсотку гарадскога насельніцтва – Беларусь ужо на першых месцах як ва Усходняй Еўропе, гэтак і ў Еўропе ў цэлым. Гэтак, калі сярэдняя доля гарадскіх жыхароў ва Усходняй Еўропе складае каля 70 %, а ў Еўропе ў цэлым каля 75 %, то ў Беларусі амаль 4/5 насельніцтва жыве ў гарадах.

Будаўніцтва жытла ў Менску.
Фота: belarus-mtz.by

Сярод нашых суседзяў максімальная доля ўрбанізацыі ў Расеі, 75%, а мінімальная ў Польшчы, каля 60%. Латвія, Літва і Украіна маюць каля 70 % гарадскога насельніцтва. Пры тым ААН прагназуе, што насельніцтва Менску будзе ўвесь час расці, а ў 2030 годзе ў Менску і яшчэ 5 гарадах Беларусі будуць жыць больш за 4 мільёны чалавек.

Адмоўная дынаміка

Цяпер паводле афіцыйных звестак у Беларусі жывуць прыкладна 9,484 мільёна чалавек. У пачатку 1990-х насельніцтва нашай краіны дасягнула максімуму і перакрочыла адзнаку 10 мільёнаў, аднак потым пачалося скарачэнне.

Сітуацыя быццам бы пачала выпраўляцца з 2013 года, аднак у 2017-м падзенне аднавілася, паказваюць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Дэпартамент эканамічных і сацыяльных пытанняў ААН пакуль прагназуе, што колькасць жыхароў Беларусі будзе зніжацца і надалей – да 9,415 мільёна ў 2020 годзе, да 8,995 мільёна ў 2035-м годзе. У 2075 годзе пры захаванні такой дынамікі нас ужо будзе менш за 8 мільёнаў.

«Перш за ўсё зніжэнне росту насельніцтва наўпрост значыць скарачэнне працаўнікоў. Ёсць і дадатковы ўскосны адмоўны ўплыў – скарачэнне колькасці актыўнага насельніцтва вядзе да росту падатковай нагрузкі на кожнага работніка, што будзе зніжаць жаданне людзей працаваць», – адзначаецца ў даследаванні на сайце Федэральнай рэзэрвовай сістэмы ЗША.

Даследаванне Міжнароднага валютнага фонду, якое было праведзенае ў 2004 годзе, сведчыць, што рост на 1 адсоткавы пункт (напрыклад, да 60 % з 59 %) долі працаздольнага насельніцтва (з 15 да 64 годоў) падвышае рост валавога ўнутранага прадукту краіны на аднаго жыхара на 8 адсоткавых пунктаў. Адпаведнае старэнне насельніцтва, наадварот, прыводзіць да падзення росту ВУП на 4 адсоткавыя пункты.

Гэта азначае скарачэнне і так невялікіх сродкаў, якія Беларусь выдаткоўвае на адукацыю насельніцтва, сацыяльнае падтрыманне, нацыянальную абарону, а значыць, і пагрозу да самога існавання беларускай дзяржавы.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў