ААН мае звесткі пра 450 выпадкаў катаванняў пратэстоўцаў у Беларусі


Эксперты ААН у галіне правоў чалавека заклікалі ўлады Беларусі спыніць катаванні затрыманых пратэстоўцаў і працягнуць да адказнасці сілавікоў. Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе ААН.

Эксперты ААН маюць інфармацыю пра 450 дакументальна зафіксаваных выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з людзьмі.

«Мы надзвычай устрывожаныя сотнямі заяваў пра катаванні і жорсткае абыходжанне ў міліцыі», – сказалі яны.

Сваякі як мінімум шасці чалавек не ведаюць пра месцазнаходжанне і стан здароўя іх блізкіх. ААН таксама мае звесткі пра гвалт у дачыненні жанчын і дзяцей, уключаючы сексуальны гвалт і згвалтаванне гумовымі дубінкамі.

«Дзяржава павінна зрабіць усё, што ад яе залежыць, каб перадухіліць, расследаваць і пакараць любыя формы злоўжыванняў», – кажуць у ААН.

У ААН падкрэсліваюць, што катаванні не могуць быць апраўданыя нічым і заклікалі ўлады Беларусі вызваліць усіх незаконна затрыманых, а таксама правесці адпаведнае расследаванне дзеянняў сілавікоў.

Hавiны
«Яны білі мяне як мяса». Напалі на машыну, катавалі, зрабілі фігурантам крымінальнай справы
2020.08.19 15:59

1 верасня беларускія праваабаронцы таксама апублікавалі справаздачу па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за жнівень 2020 года. Праваабаронцы канстатуюць, што на працягу месяца больш за 7 500 грамадзянаў былі затрыманыя за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

ПЦ «Вясна» задакументаваў не менш за 500 выпадкаў прымянення катаванняў да затрыманых, якія сведчаць аб масавым і сістэмным іх ужыванні. Як мінімум тры ўдзельнікі пратэстаў загінулі ў выніку ўжывання да іх зброі або неаказання своечасовай медычнай дапамогі, адзначаецца ў аглядзе.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў