А жыццё працягваецца…

«Той, хто робіцца зверам, пазбаўляецца болю быць чалавекам» – словы Сэм’юэла Джонсана.

Адзін з самых моцных момантаў у фільме «Халоднае лета пяцьдзясят трэцяга…» – фінальная сцэна. Актор Валерый Прыёмыхаў, які грае ролю Сяргея Басаргіна, ідзе восеньскім бульварам і раптоўна сустракае іншага былога палітычнага зняволенага, апранутага прыблізна ў такое самае паліто, з такою самаю валізаю. Яны прыпыняюцца, закурваюць і разыходзяцца. Як цені. Як прывіды. А навокал нібыта віруе жыццё: бегаюць дзеці, ездзяць аўтамабілі, абдымаюцца закаханыя. Жыццё працягваецца…

Жыццё прыцягваецца і ў нашай краіне. Звальненні, страйкі, арышты, ператрусы. Кожную нядзелю – сотні затрыманых. Збіццё, гвалт, содні, крымінальныя справы. Ужо не пужаюць нават выбухі святлошумавых гранатаў. І ўжо не шакуе забойства Рамана Бандарэнкі, бо нібыта сам вінаваты: выйшаў не ў той час, апынуўся не ў тым месцы…

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял, прысвечаны Раману Бандарэнка. Мужчына памер напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 году.
Фота: TК / Белсат

Прызвычаіліся. Можна ўсё спісаць на абстрагаванне, псіхалагічную абарону, стомленасць грамадства. Але калі работнікаў дручкамі заганяюць у цэх, калі пратэстоўцаў пазначаюць рознымі колерамі (нібыта прывітанне Гімлеру), калі заліваюць газам пенсіянераў, і гэта ўсё не пужае, не насцярожвае – значыць, грамадства бадзёра крочыць да стану жывёльнага статку.

У прынцыпе, жывёлаю быць не балюча. Нават зручней і бяспечней. З часу Рымскай імперыі чалавецтва не змянілася. Стан жывёліны красамоўна падкрэслівае знакаміты выраз рымскага паэта Ювэнала «хлеба і відовішчаў». Калі ісці гэтым простым шляхам, то можна навучыцца заплюшчваць вочы на ўсё тое, што перашкаджае камфортна жыць. Можна развучыцца спачуваць. Забараніць сабе рэфлексаваць. Навучыцца не бачыць таго, што перашкаджае пачувацца шчаслівым.

Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 году.
Фота: ВВ / Белсат

А можна пайсці шляхам сапраўднага баявога звера. Сачыць за тымі, хто спрабуе парушыць правілы гульні. І калі законы існуюць толькі для аднаго боку, калі можна рабіць усё без межаў, то тут прачынаюцца самыя жахлівыя ды цёмныя бакі чалавечай сутнасці. Рабі што хочаш! Усё роўна нічога за гэтае не будзе…

Быць чалавекам складана і балюча. Тая частка душы, якую называюць сумленнем, заўсёды будзе балець і ныць. Калі ты прызнаеш свае слабасці і страх, калі выціскаеш з сябе раба, калі сумняешся, калі задаеш сабе нязручныя пытанні… Нарэшце, калі спачуваеш іншым, бо бярэш частку іхнага болю на сябе. Па-іншаму немагчыма называць сябе чалавекам.

Абутак удзельнікаў «Маршу народаўладдзя», якія схаваліся падчас разгону ў адной з кватэр побач са стэлай. Менск, Беларусь. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Чаму жыццё ў Беларусі перакулілася з ног на галаву? Рэч жа не ў палітыцы, а ў каштоўнасцях, блізкіх усім сумленным людзям, якія ідуць у канфлікт з рэальнасцю. Кожны дзень нам спрабуюць давесці, што белае – гэта чорнае. І наадварот.

З дзяцінства мы ведаем, што існуюць няпісаныя законы: не трэба рабіць кепскага, хлусіць, не трэба крыўдзіць слабых, калі ўжо дайшло да бойкі – нельга біць таго, хто ўжо ляжыць. А мы бачым непрыхаваны садызм у аўтазаках і турмах, які называюць законным. Мы чуем, як дактароў, якія проста сумленна робяць сваю працу, па-чалавечы спачуваюць затрыманым, называюць нядобранадзейнымі.

Марш памяці Рамана Бандарэнкі. Пратэстоўцы ў раёне станцыі метро «Пушкінская». Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 году.
Фота: Белсат

Царква таксама вучыць быць чалавечным. І не абавязкова быць вернікам, каб, напрыклад, прытрымлівацца запавету «не забі». Адначасова мы назіраем цкаванне тых прадстаўнікоў святарства, якія маюць гонар ды смеласць выказацца супраць гвалту і здзекаў.

Культура дае нам шанец выйсці за межы жывёльнага. Добрыя вершы, п’есы, музыка спрабуюць нас скіраваць да ачалавечвання, даюць светлыя і разумныя арыенціры, прымушаюць сумнявацца і разважаць, развіваць сваю душу. І што? Зачыненыя тэатры, звольненыя акторы ды рэжысёры, загнаная ў кут рок-музыка.

Hавiны
100 дзён беларускага пратэсту. Памятаць усё
2020.11.16 08:00

Рэч не ў палітыцы. З ёй усё зразумела. Гаворка пра гуманітарную катастрофу. Пра поўную падмену чалавечых каштоўнасцяў. Пра сітуацыю, калі ў грамадстве будзе панаваць здрадніцтва, падман і недавер. Людзі не проста прызвычаяцца да таго, што суддзі садзяць за краты невінаватых, а настаўнікі, якія вучаць не хлусіць, займаюцца фальсіфікацыямі. Не. Калі гэта будзе ўспрымацца ў грамадстве як норма, наступіць сапраўдны калапс.

А жыццё будзе працягвацца. Праўда, на вуліцах будзе ўсё больш людзей у паліто з валізамі. Тых, хто не прызвычаіўся да новых нормаў. Прыпыняцца. Закураць. І разыдуцца. А жыццё будзе нібыта віраваць: бегаць дзеці, ездзіць аўтамабілі, абдымацца закаханыя. Як прывіды. Як цені.

Алесь Дзянісаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў