«А слава паказала мне дзве палавінкі голыя». Беларускія гістарычныя анекдоты ад Сяргея Шапрана


Якім было сапраўднае імя Ніла Гілевіча, за што саромеўся перад Быкавым Рыгор Барадулін і як Алексіевіч пажартавала з Гарбачова, – даведваемся з новай кнігі Сяргея Шапрана «Беларускі гістарычны анекдот».

«Гістарычны анекдот – гэта пах і колер часу, гэта ў нечым альтэрнатыўная не кананізаваная гісторыя, якой няма месца ў падручніках, але адмаўляць яе існаванне не толькі бессэнсоўна – недаравальна», – апісвае жанр сваёй новай кнігі Сяргей Шапран.

Сяргей Шапран

Мала які жанр літаратуры можа настолькі трапна і цікава раскрыць асобу гістарычнай постаці. Часам жартаўлівыя, а часам даволі сур’ёзныя гісторыі з жыцця вядомых беларусаў адлюстроўваюць дух часу, трываласць у ім, а таксама ўменне вынаходліва і з усмешкай выйсці са складанай сітуацыі. Менавіта гэткія кароткія анекдатычныя гісторыі Сяргей Шапран калекцыянаваў цягам пятнаццаці гадоў, вынікам чаго стала кніга «Беларускі гістарычны анекдот». Некалькі з іх аўтар зачытаў у часе прэзентацыі кнігі ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Горадні.

Алексіевіч і Гарбачоў

Былы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, як упершыню ўбачыўшы Святлану Алексіевіч, быў шчыра здзіўлены:

– Гэта ты, такая маленькая, такія кнігі напісала?!

Пісьменніца знаходліва парыравала:

– Ну, вы таксама не гігант, а такую імперыю развалілі?!

Як распавёў вядомы ў Беларусі журналіст і даследчык літаратуры Сяргей Шапран, жанр гістарычнага анекдоту зацікавіў яго 15 гадоў таму ў часе знаёмства з расейскім прафесарам эстэтыкі, аўтарам трохтомнага выдання «ХХ стагоддзе ў паданнях і анекдотах» Юрыем Боравым.

Сяргей Шапран прэзентуе ў Горадні сваю новую кнігу “Беларускі гістарычны анекдот”, матэрыял для якой збіраўся 15 гадоў

«Я спытаўся, ці ён ведае, хоць адзін беларускі гістарычны анекдот, але высветлілася, што не. І гэта падалося мне несправядлівым, бо беларусы нацыя старажытная, гістарычныя асобы ёсць, анекдоты таксама існуюць, але яны фактычна не сабраныя і адзіны прыклад, які мне вядомы, кніга Льва Казлова «З дазволу караля і вялікага князя». Я літаральна хадзіў да Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Някляева і прасіў, каб яны распавялі анекдатычныя гісторыі з іх жыцця», – тлумачыць Сяргей Шапран.

Адным з першым апавядальнікаў даследчыка быў Рыгор Барадулін, які любіў бліснуць порцыяй добрага гумару і быў сапраўднай скарбонкай анекдатычных гісторый і сітуацый.

Самаэпіграма

Дзядзька Рыгор прызнаваўся, што на іншых піша эпіграмы ахвотней, чым на сябе. Аднак калі я папрасіў напісаць нешта пра сябе самога да юбілейнай публікацыі, ужо на наступны дзень ён патэлефанаваў з больніцы, дзе тады знаходзіўся, і прачытаў:

За славай пёр як на ражне –

Адусюль свістала полымя.

А слава паказала мне

Дзве палавінкі голыя.

Аднак за некаторыя жарты, як прызнаваўся Дзядзька Рыгор, часам было сорамна. Так здарылася аднойчы з яго блізкім сябрам Васілём Быкавым.

Калі сорамна

Дзядзька Рыгор прызнаваўся, што перад Васілём Быкавым яму было сорамна двойчы: адзін раз, калі Быкава на рэдкалегіі «Маладосці» ганілі за «Праклятую вышыню», а ён Барадулін, не здолеў стаць на абарону старэйшага сябра, бо быў тады не ў самым цвярозым стане; другі раз, калі неяк запытаўся ў Быкава ў кампаніі блізкіх сяброў:

– Ты ведаеш, як адна дзяўчына апяклася?

– Як? – задумаўшыся пра нешта сваё, аўтаматычна перапытаў Быкаў.

– За гарачы хрэн узялася.

«Гэта такая вушацкая прымаўка, – гаварыў Барадулін. – Васіль паглядзеў на мяне так, хоць скрозь зямлю праваліся! І да гэтага часу мне так сорамна, хаця колькі гадоў ужо мінула!»

Камедыя поруч з трагедыяй

Аднак, як заўважае Сяргей Шпаран, гістарычны анекдот не абавязкова мусіць быць смешным. Гэты жанр цесна пераплятаецца з трагедыяй, а часам і глыбокай жыццёвай філасофіяй. Некалькі такіх анекдотаў даследчык зачытаў у часе прэзентацыі.

1934 год. Пасля забойства вядомага савецкага рэвалюцыянера Сяргея Кірава ў СССР пачаліся масавыя рэпрэсіі. Была спушчаная разнарадка на «ворагаў народа». Пад яе патрапіў і старэйшы брат Веньяміна Айзенштата, які вучыўся ў камуністычным інстытуце журналістыкі. Не жадаючы апынуцца ў ГУЛАГу, ён скончыў жыццё самагубствам – павесіўся. Ад Веньяміна гэта доўга хавалі, а калі ён нарэшце даведаўся пра трагедыю, так перажываў, што апынуўся ў псіхіятрычнай лякарні. Яму было 16. У «псіхушцы» ён правёў два гады.

«Гэй ты, у шкарпэтках!»

У школе Генадзь Бураўкін любіў удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, у тым ліку бегаў кросы. Праўда, адпаведнага абутку ў яго не было, таму звычайна бег у шкарпэтках. З трыбуны яму гэтак і крычалі:

– Гэй ты, у шкарпэтках!

Аднак, калі Бураўкін пачынаў абганяць іншых, крыкі на трыбуне сціхалі.

Пры чыноўнікаў і свінняў

Арлоў выступае ў адным з заходнебеларускіх мястэчак. На сустрэчу нечакана завітвае прадстаўнік мясцовай улады. Адказваючы на пытанне пра Еўфрасінню Полацкую, пісьменнік распавядае, што што яго дзяцінства прайшло побач з зачыненым уладамі Спаса-Еўфрасіньеўскім манастыром, прыгадвае, як розны прышлы люд, паселены ў манастырскія келлі, не зважаючы на заслужаныя праклёны вернікаў, трымаў у Крыжаўздзвіжанскім саборы свіней. У гэты момант са свайго месца падае голас чыноўнік:

– Зато у людей было мясо!

Больш за 500 анекдотаў пра вядомых беларусаў

«Трэба сказаць, што гістарычны анекдот – гэта гістарычна-побытавыя хронікі, якія рэдка калі зафіксаваны, але адмаўляцца ад іх нельга і нават не даравальна. Галоўная перадумова гістарычнага анекдоту, каб – былі гістарычныя асобы. У Беларусі гістарычныя асобы ёсць. У гэтай кнізе іх больш за 100. Тут сабрана больш за 500 анекдотаў, пры тым што некаторыя я, на жаль, не паспеў далучыць да публікацыі», – распавядае Сяргей Шапран.

Сярод герояў аўтара знайшліся такія выдатныя постаці беларускай гісторыі і літаратуры як Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Янка Купала і Якуб Колас, старэйшы і малодшы Уладзімір Арлоў, Уладзімір Шаліхін, Уладзімір Няклаеў ды іншыя. Кароткія гісторыі пра іх чытач не знойдзе ў падручніках і не заўсёды сягне ў томік з біяграфіяй, таму некалькі «мы проста пакідаем ніжэй», астатняе – чытайце ў кнізе Сяргея Шапрана.

Імя наадварот

Кажуць, што імя Ніл паэт Ніл Сымонавіч Гілевіч узяў сабе сам. Пры нараджэнні бацька даў сыну іншае імя – Нінел, што, калі прачытаць наадварот, значыла: Ленін. У 1931 годзе ў гэтым не было нічога дзіўнага.

Бядулеў кугель

Быў перыяд, калі Змітрок Бядуля заляцаўся да жонкі Янкі Купалы, Уладзіславы Францаўны. Яна ж, на яго вялікі жаль, узаемнасцю не адказвала. Аднак Купала, калі з-за нечага крыўдаваў на жонку, здаралася, кідаў:

– Ідзі да Бядулі кугель есці!

Але казаў так не са зла, вядома.

«Настаўнік Купала»

Дадому да Якуба Коласа прыйшоў школьны настаўнік яго старэйшага сына Юркі, прыйшоў са скаргаю, што вучань спявае ў школе непрыстойныя песні. Пачалі разбірацца, хто навучыў, і высветлілі, што гэта Янка Купала, калі гуляў у гасцях у Коласа ў шахматы, напяваў: «Дайце мне за руб з палцінай дзевіцу з агнём!»

Сімвалічна

Уладзімір Караткевіч і Валянціна Нікіціна распісаліся 19 лютага 1971 года не выпадкова – прымеркавалі першае сямейнае свята да 110-й гадавіны адмены прыгоннага права.

На праспекце Сталіна ў Варшаве

1958 год. Барадулін упершыню выехаў за мяжу – у Варшаву. Выходзіць неяк увечары прагуляцца па праспекце Сталіна і чуе нервовы шэпт – шэпчуцца пан і паненка:

– Колькі?

– 250 злотых.

– Нешта задужа.

– Затое яка е.ля бэндзе!

«Уяўляеце: пачуць такое, упершыню паехаўшы за мяжу ды яшчэ на праспекце Сталіна?!» – смяяўся Барадулін.

Злосны вораг

Дыялог Рыгора Барадуліна з калегам-літаратарам:

– Ты самы злосны вораг КДБ!

– Чаму?

– Я што думаю, тое і гавару, і гэткім чынам даю ім матэрыял, даю магчымасць зарабіць, а ты маўчыш – значыць, нешта думаеш супраць Савецкага саюзу!

– Я нічога супраць не думаю!

– Па-першае, ты не п’еш, а па-другое, маўчыш. Ты ж вораг! Са мной жа ім проста – яны толькі факты паднаўляюць.

Экспромт

1970-я. На «Беларусьфільме»паводле адной з аповесцяў Васіля Быкава здымаецца кіно. Караткевіч напісаў на паперчыне і прымацаваў на дзвярах кінагрупы:

Доведем мы Быкова

До стыда великого.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Фота – Васіль Малчанаў

 

Стужка навінаў