«А што, у Беларусі не выдаюць?» Пасля запуску БелАЭС у Вільні бясплатна раздаюць таблеткі ёдыду калію


Прыходжу я ў адну з аптэк Вільні, каб набыць зёлкавую гарбату. Фармацэўт выбівае чэк і запытвае: «Ці бралі вы ўжо ёдавыя таблеткі?» Я адказваю: «Адзін раз ужо ўзяла. Можна яшчэ?» «Не, другі раз не даюць». Таблеткі ёдыду калію раздаюць на тэрыторыі Літвы ў радыусе 100 км ад Астравецкай АЭС.

Аптэка ў Вільні.
Фота: Ганна Русінава, belsat.eu

Людзі ідуць і ідуць

Каб бясплатна атрымаць таблеткі ёдыду калію ў аптэках Вільні, трэба паказаць асабісты дакумент – спраўдзіць, што чалавек зарэгістраваны ў Вільні.

«Таблетак у аптэцы дастаткова, – кажа фармацэўт Раймондас у аптэцы «Eurovaistinė» і дадае: – Усе бяруць, бо выдаюць бясплатна. Людзі ідуць і ідуць за гэтымі таблеткамі, стаяць чэргі, нічога не набываюць, толькі бяруць ёдавыя таблеткі. Ці набываюць нейкія лекі і разам бяруць ёдавыя, бывае, мы самі запытваемся, ці вам патрэбна. Гэтыя таблеткі выдае мэрыя Вільні тым, хто прапісаны ў сталіцы. А што, ў Беларусі не выдаюць?»

Выдача таблетак ёдыду калію ў Вільні.
Фота: Ганна Русінава, belsat.eu

Піць па сігнале

Ёдавыя таблеткі пачалі выдаваць у Вільні з канца кастрычніка перад пачаткам працы Астравецкай АЭС у Беларусі для абароны шчытападобнай залозы ад шкоднага ўздзеяння радыеактыўнага ёду.

Прымаць таблеткі ёдыду калію варта толькі ў выпадку аварыі на АЭС у Беларусі і толькі тады, калі такія рэкамендацыі паступяць ад дзяржавы. Таксама дадаецца інструкцыя па выкарыстанню на літоўскай, расейскай, польскай і ангельскай мовах, дзе напісана, каму і як трэба іх ужываць.

«Трэба адразу выпіць 2 таблеткі, калі будзе сігнал з Астравецкай атамнай электрастанцыі, калі нешта здарыцца, і пасля 2, каб захаваць ёдавы запас», – распавядае фармацэўт Раймондас.

Жыхарам Вільні будзе выдадзена 500 тысяч электронных рэцэптаў на гэтыя таблеткі. Каб усе паспелі, тэрмін выдачы падоўжаны яшчэ на месяц, да 17 снежня іх можна ўзяць бясплатна ў аптэках Вільні. На дадзены момант таблеткі атрымалі 40% жыхароў сталіцы.

Інструкцыя да таблетак ёдыду калію.
Фота: Ганна Русінава, belsat.eu

«Ядравая бомба ў цэнтры Еўропы»

Жанчына з маленькім дзіцём на пытанне, ці яна ўзяла ёдавыя таблеткі, адказвае: «Ну што я ведаю, сказалі ўзяць – я ўзяла. Калі будзе праблема, то выкарыстаю. Мы з мужам узялі, трэба будзе ўзяць і для дзіцяці. Канешне баімся, што можа нешта здарыцца на АЭС, за сябе так не баімся, як за дзяцей».

Мігрантка з Расеі ўзяла ёдавыя таблеткі, бо лічыць, што пагроза выбуху або нейкай катастрофы на беларускай АЭС вельмі рэалістычная.

«У мяне самой бабуля была ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яна фізік, спецыялізавалася менавіта на атамнай энергетыцы, праводзіла вымярэнні ўзроўню радыяцыі. Я проста ад бабулі чула, наколькі ненадзейная савецкая, расейская атамная энергетыка, наколькі існуе вялікая рызыка падобнай аварыі», – гаворыць жанчына.

Хлопец Кірыл, які паходзіць з Беларусі, узяў ёдавыя таблеткі, бо лічыць, што Астравецкая АЭС – гэта сапраўдная ядравая бомба ў цэнтры Еўропы, пабудавана па непразрыстых стандартах.

«З такой тэхналогіяй і з такой адказнасцю, з якой яна будавалася, мы не можам быць упэўненыя ў якасці гэтай станцыі, і таму заўсёды павінен быць варыянт бяспекі ад бязглуздасці будаўнікоў гэтай станцыі», – лічыць беларус.

Некаторыя суразмоўцы адказваюць, што яшчэ не паспелі ўзяць ёдавыя таблеткі, але занепакоеныя тым, што нешта можа здарыцца на атамнай электрастанцыі ў Беларусі, таму думаюць пазней зрабіць гэта.

Сярод апытаных ёсць і тыя, хто катэгарычна супраць такой засцярогі.

«Што я, дурань, ці што? Навошта яны мне патрэбныя?» – незадаволена адказвае мужчына, які раней працаваў на будоўлі.

На аргумент, што таблеткі ж могуць спатрэбіцца, калі нешта здарыцца на БелАЭС, адказвае катэгарычна: «А чаму нешта павінна адбыцца? Там што, крыварукія будавалі?» На заўвагі пра здарэнні, пра пацярпелых на будоўлі, пярэчыць, што гэта ўсё – палітыка, і няма ніякай небяспекі.

Рызыка нізкая, але трэба падрыхтавацца

«Нягледзячы на тое, што рызыка няшчаснага выпадку вельмі нізкая, і мы спадзяемся, што ў выкарыстанні гэтых таблетак няма неабходнасці, жыхароў гораду трэба падрыхтаваць«, – падкрэслівае Повілас Подерскіс, дырэктар гарадской адміністрацыі Вільні.

«Пазіцыя Літвы па распаўсюдзе таблетак ёду для ўсіх, хто жыве ў 100 кіламетрах ад электрастанцыі, дастаткова прынцыповая», – гаворыць саветнік урадавага дэпартаменту па кіраванню рызыкамі і перадухіленню крызісаў Аурымас Лауцус.

У выпадку аварыі з радыяцыйнымі выкідамі жыхароў Вільні будуць папярэджваць рознымі спосабамі: гукавымі сірэнамі, кароткімі паведамленнямі на мабільныя тэлефоны, праз радыё, тэлебачанне і іншыя сродкі масавай інфармацыі.

Інфаграфіка для жыхароў Літвы на расейскай мове. Крыніца: lt72.lt

З верасня праводзіцца анлайн-апытанне на партале жыхароў Літвы, ці плануюць людзі ўзяць ёдавыя таблеткі, якія раздае міністэрства аховы здароўя? На сённяшні момант адказала 1354 чалавека, больш за палову апытаных – 935 чалавек, безумоўна возьмуць таблеткі, 300 – не мае намер іх узяць, для 74 чалавек гэтае пытанне наагул не актуальна, 45 апытаных ужо набылі таблеткі за свае грошы (сярэдні кошт – 6 еўра за 20 таблетак).

Міністэрства аховы здароўя перадало каля 4 млн таблетак ёдыду калію аўстрыйскай вытворчасці 16 муніцыпалітэтам, якія размешчаны ў 100-кіламетровай адлегласці ад Астравецкай АЭС.
Літоўскія ўлады закупілі таблетак больш чым на 1 мільён еўра тэрмінам прыдатнасці да канца 2024 г.
Інфармацыю аб тым, як паводзіць сябе ў выпадку радыяцыйнай небяспекі, можна знайсці на сайце мясцовага аналагу МНС, у тым ліку, на расейскай мове.

Ганна Русінава, belsat.eu

Стужка навінаў