«А салат мы пераціраем, у іх жа ні ў кога зубоў няма». Хто корміць бяздомных у маразы?

Каля сотні штодня – такую колькасць абедаў бяздомным і маламаёмным раздае дабрачынная грамадская арганізацыя «Водгук» («Отклик») у Менску.

Дабрачынная сталоўка – закінуты будынак былога дзіцячага садка на вуліцы Матусевіча, 15 у Менску. Бліжэй да 13-й гадзіны ў двары выстройваецца чарга да аконца ў дзвярах: пачынаюць раздаваць абеды.

У дабрачынную арганізацыю «Водгук» у Менску прыходзяць розныя людзі, не толькі бяздомныя. Фота: Белсат

У чарзе – людзі самага рознага ўзросту: ад пенсіянераў да рухомых маладзёнаў. Аблічнасць – далёкая ад стэрыятыпнага ўяўлення пра бяздомнікаў, брудных і недагледжаных.

50-гадовая Алена – жанчына з чаргі: больш за 8 месяцаў жыла ў пад’ездзе шматпавярховіку ў Серабранцы.

– Увечары я падымалася на дванаццаты паверх, на ліфтавую пляцоўку, там і начавала. Многія мясцовыя ведалі пра мяне, але я акуратная была – ніколі смецця за сабой не пакідала, таму не чапалі, спачувалі мне.

Алена. Фота: Белсат

Алена па спецыяльнасці – прадавачка. Прыехала ў Менск на заработкі з вёскі Вілейскага раёну. Пасля смерці маці там застаўся непрыдатны для жыцця барак, іншага жылля няма, таксама як і працы ды сваякоў. Але і ў Менску знайсці працу і жыллё было няпроста.

– Даглядала жанчыну, хворую на каронавірус, – зарабіла грошы і зняла пакой пакуль вось маразы. Але гаспадыня папярэдзіла, што выгане на вуліцу – грошы заканчваюцца. Што далей – не ведаю, – кажа яна.

У дабрачынную арганізацыю «Водгук» у Менску прыходзяць розныя людзі, не толькі бяздомныя. Фота: Белсат

– Тут «запушчаных» бяздомнікаў няма, – мужчына пенсійнага ўзросту з чаргі не хоча казаць пра сябе, але дзеліцца думкамі. – Тыя ўсе на вакзалах, яны там і начуюць, сюды не прыходзяць. Там іншыя задачы і інтарэсы: выпіць, можа, яшчэ што. А тут людзі спрабуюць выкараскацца. І не толькі бяздомнікі – тут інваліды з малой пенсіяй, пенсіянеры, якія ўсе грошы на кватэру аддаюць ці лекі. Проста беспрацоўныя людзі, якім жыць няма за што. І тут не выдаюць абеды выпівохам: калі нападпітку – абеду не будзе.

Чарга па абеды для бяздомных у дабрачыннай арганізацыі «Водгук» у Менску. Фота: Белсат

– Віктар, давай гарбату хутчэй, чалавек мерзне! – валанцёры сталоўкі спяшаюцца: на двары каля 20 градусаў марозу. Каб чарга рухалася хутчэй, спяшаюцца выдаваць пакункі з абедамі.

– Я сам праз гэта прайшоў, – кажа Арцём. – Мне дапамагалі, чаму я не магу дапамагчы?

Арцём – 48-гадовы мужчына, які шмат гадоў даглядаў бацьку-інваліда. Калі той памёр, сваякі выгналі на вуліцу. Два гады туляўся па сутарэннях і закінутых будках за горадам. Цяпер ён валанцёр. Тут харчуецца, падпрацоўвае па магчымасці, каб зняць пакой, але цяпер жылля не мае, жыве ў знаёмых.

– Бяздомнікаў не бяруць на працу без рэгістрацыі. Нават у Любані працу знайшоў, але і там – бяруць толькі любанскіх. А на сметніцы ежу добрую не знойдзеш. Таму гэтыя абеды – моцная дапамога. Добра было б, каб дзяржава падтрымала, але ў нас сітуацыя не тая… – кажа Арцём.

Абеды для бяздомных у дабрачыннай арганізацыі «Водгук» у Менску. Фота: Белсат

Валерый Еранкевіч яшчэ 20 гадоў таму заснаваў дабрачынную арганізацыю «Водгук», дзе працуе нязменным кухарам і да сёння.

Ён шмат гадоў працаваў шэф-кухарам у прэстыжных менскіх рэстаранах. Як вернік, галоўнай задачай паставіў для сябе і «Водгуку» дапамагаць людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Галоўным чынам, бясплатным харчаваннем, адзеннем, а таксама – у аднаўленні страчаных дакументаў і ў працаўладкаванні.

«Водгук» дастаўляе абеды ў адзіны дзяржаўны прытулак для бяздомнікаў на вуліцы Ваўпшасава ў Менску. Прывозяць гарачае харчаванне таксама некаторым ляжачым хворым.

Спадар Валер – прафесійны кухар, і стравы ў яго – адпаведнай якасці.

Валер Еранкевіч яшчэ 20 гадоў таму заснаваў дабрачынную арганізацыю «Водгук», дзе працуе нязменным кухарам і да сёння. Фота: Белсат

– Паглядзіце, боршч які густы – апалонік стаіць амаль. Вось мяса тушанае з гароднінай – з пылу, з жару, – смяецца спадар Валер і працягвае. – А салат мы пераціраем, каб дробны быў – у іх жа ні ў кога зубоў няма.

З мінулага года чарговы раз падаражэлі камунальныя паслугі і арэнда: нават занядбаны будынак дзіцячага садка стаў каштаваць нашмат больш. Але кіраўнік «Водгуку» Валерый Еранкевіч усё роўна радуецца: добра, што не выганяюць.

Абеды для бяздомных у дабрачыннай арганізацыі «Водгук» у Менску. Фота: Белсат

Дадатковым фінансавым грузам стаўся каронавірус ды непрыдатны для зімы арандаваны будынак.

Гарачае харчаванне, асабліва каштоўнае ў моцныя маразы, бесхацінцы атрымоўваць «на вынас» у аднаразовым «тэрмапосудзе». Гэта дапамагае надаўжэй захоўваць абеды цёплымі, а таксама пазбаўляе дадатковай рызыкі наведнікаў і валанцёраў сталоўкі ў эпідэмію каронавіруса.

– Каб упакаваць абеды ў аднаразовыя кантэйнеры, мы выдаткоўваем амаль гэтулькі ж грошай, колькі і на самыя абеды, – кажа спадар Валер.

Абеды для бяздомных у дабрачыннай арганізацыі «Водгук» у Менску. Фота: Белсат

Акрамя абедаў «Водгук» дапамагае бяздомнікам у маразы яшчэ і апрануцца: у будынку – сапраўдны гардэроб з цёплага зімовага адзення, абутку, швэдраў, шапак і пальчатак. Што каму патрэбна – самі дабіраюць свой памер і «фасон». Ужываныя, але дабротныя рэчы бяздомнікам прыносяць неабыякавыя менчукі.

У дабрачыннай арганізацыі «Водгук» у Менску бяздомныя могуць атрымаць цёплую вопратку. Фота: Белсат

Але і да наведнікаў ёсць патрабаванні:

– Калі чалавек прыходзіць нападпітку, ніякай дапамогі быць не можа: знаходзяцца грошы на выпіўку, знойдуцца і на астатнія патрэбы, – строга патрабуе парадку спадар Валер.

А яшчэ Валер Еранкевіч мае мару і патрэбу:

– Нам перадалі аўтобус – разваліна фактычна. Але я хацеў бы пераабсталяваць гэты аўтобус у перасоўную сталоўку, – дзеліцца планамі спадар Валер. – Каб пасля развозіць абеды тым людзям, якія не могуць хадзіць, бо такіх вельмі шмат. Але на гэта патрэбна каля васьмі тысяч долараў. Без фундатараў нам гэтую мару не здзейсніць…

Абеды для бяздомных у дабрачыннай арганізацыі «Водгук» у Менску. Фота: Белсат

Галіна Абакунчык, Белсат

Hавiны