БХД: Людзі выйшлі на плошчу, каб супрацьстаяць хлусні


Сустаршыня “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” Георгій Дзмітрук падкрэсліў, што падчас шэсця 19 снежня ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці тысячы людзей “не пашкодзілі ніводнай машыны, не перакулілі ніводнага бака для смецця, не кінулі ніводнай снежкі”.

“Рашэнне грамадзянаў, якія выйшлі на плошчу, і рашэнне АБСЕ супадаюць: выбары былі сфальсіфікаваныя. Гэта сведчыць пра тое, што ў людзей, якія выйшлі на плошчу, было дастаткова падставаў для таго, каб выйсці на плошчу. Іх вывела на плошчу немагчымасць супрацьстаяць хлусні законнымі электаральнымі дзеяннямі. БХД заўсёды была прыхільнікам і працягвае быць прыхільнікам выключна мірных дзеянняў”, – заявіў палітык.

Георгій Дзмітрук быў здзіўлены тым, што, паводле звестак некаторых медыяў, “страты ад дзеянняў правакатараў” у Доме ўраду склаў 29 млн рублёў (прыблізна 10 тыс. долараў). “У мяне, як у прадпрымальніка, выклікае здзіўленне гэтая лічба. Тое, што я бачыў на свае вочы, тое, што я бачыў на відэаздымцы, – гэта пашкоджаныя пяць ці шэсць дзвярных праёмаў і адна разбітая шыба”, – заўважыў палітык. Сам ён ацэньвае страты прыкладна на 200 долараў.

Як паведаміла Таццяна Севярынец, маці затрыманага сустаршыні аргкамітэту БХД Паўла Севярынца, у яе ёсць інфармацыя пра тое, што напярэдадні 19 снежня спецмашыны міліцыі трэніраваліся заязджаць па прыступках да Дому ўраду. “Гэта значыць, што міліцыя рыхтавалася да правакацыяў каля Дому ўраду. Яны загадзя да іх рыхтаваліся і ведалі, дзе і што будзе адбывацца”, – мяркуе маці палітыка.

Жонка Віталя Рымашэўскага Настасся прыйшла на прэс-канферэнцыю разам з дачкой Евай. “У нашай краіне ёсць цэлы штат правакатараў, – заўважыла яна, – якія пачыналі дзейнічаць яшчэ падчас перадвыбарнай кампаніі, а потым арудавалі на плошчы і застаюцца беспакаранымі. Але пытанне тут не ў тым, што кагосьці трэба пакараць, а ў тым, што калі ёсць людзі, якія не могуць спыніць у сабе зло, то зло трэба спыняць камусьці іншаму. Я абураная з выказванняў некаторых палітыкаў пра тое, што трэба весці дыялог з Лукашэнкам. Спачатку трэба выставіць канкрэтныя ўмовы, пры якіх гэты дыялог магчымы”.

belsat.eu

Стужка навінаў