Януковіч таксама не параіўся з Беларуссю адносна сваёй АЭС


Ён дабудоўвае рэактары ва ўкраінскай Мецы гандляроў таннаю вопраткаю – Хмяльніцкім, – а ахалоджваць іх будзе рэчка, якая ўпадае ў Прыпяць.

Беларускае грамадскае аб’яднанне «Экадом» заклікала прэзідэнта Украіны адмовіцца ад рэалізацыі «высока небяспечнага, у тым ліку для жыхароў Беларусі, трансгранічнага праекту» ў Хмяльніцкім.

6 верасня Вярхоўная Рада Украіны прыняла законапраект аб размяшчэнні, праектаванні ды будаўніцтве энергаблокаў № 3 і № 4 Хмяльніцкай атамнай электрастанцыі. Дакумент набудзе юрыдычную моц пасля падпісання яго прэзідэнтам.

«Мы просім таксама Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі зрабіць захады для аднаўлення кансультацыяў з Украінаю з нагоды дабудоўвання Хмяльніцкай АЭС з удзелам беларускай грамадскасці, а таксама паведаміць камітэту выканання Канвенцыі Эспа аб парушэннях, якія мелі месца падчас прыняцця рашэнняў аб дабудоўванні станцыі», – гаворыцца ў звароце, які падпісала старшыня рады ГА «Экадом» Ірына Сухій.

Беларускія эколагі называюць некалькі прычынаў, праз якія праект можна лічыць небяспечным. Па-першае, выкарыстанне недабудаваных старых канструкцыяў савецкага часу без ацэньвання іх стану. Па-другое, састарэлая і пры гэтым раней не рэалізаваная тэхналогія.

Наступнае: для ахаладжэння рэактараў будуць выкарыстоўваць раку Гарынь, якая ўпадае ў Прыпяць. «Такім чынам, жыхары раёнаў Беларусі, ужо пацярпелых ад Чарнобыльскай АЭС, падвяргаюцца дадатковай недапушчальнай рызыцы радыяцыйнага ўздзеяння», – гаворыцца ў звароце.

Эколагі абураныя тым, што законапраект прынялі без грамадскіх слуханняў і належных кансультацыяў з грамадскасцю Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў