Андрэй Бандарэнка: «Платформа» працягне сваю дзейнасць незалежна ад рашэння суда


Падаткавікі спрабуюць зачыніць праваабарончую арганізацыю з фармальных прычынаў. Андрэй Бандарэнка, які кіруе «Платформаю», заяўляе, што арганізацыя працягне сваю дзейнасць.

Фармальныя зачэпкі

Адным з парушэнняў, якое лягло ў аснову позвы аб ліквідацыі «Платформы», было незнаходжанне ўстановы па юрыдычным адрасе. Падатковая інспекцыя абгрунтавала гэтую прэтэнзію тым, што на некаторых бланках «Платформы» пазначаны адрас, адрозны ад юрыдычнага, а таксама апытаннем кіраўніцтва таварыства ўласнікаў будынку, дзе «Платформа» арандуе памяшканне.

Дырэктар «Платформы» Андрэй Бандарэнка ў судзе адзначыў, што ніводзін нарматыўны акт не рэгулюе таго, які адрас мае быць на бланку арганізацыі, і гэта не ёсць доказам таго, што арганізацыя не размяшчаецца па юрыдычным адрасе.

Акрамя таго, у судзе высветлілася, што паведамленне «Платформе» пра адміністратыўны штраф за незнаходжанне па юрыдычным адрасе падатковая інспекцыя выслала менавіта на гэты юрыдычны адрас. Гэтае паведамленне было атрыманае кіраўніцтвам «Платформы», што, на меркаванне Бандарэнкі, сведчыць пра беспадстаўнасць доказаў пазоўніка.

«Платформа» не здаецца

{movie}Андрэй Бандарэнка: «Платформа» не здаецца|right|6229{/movie}Суд папрасіў падатковую інспекцыю падаць дамовы арэнды памяшканняў «Платформай» у 2011–2012 гг. У звязку з гэтым суддзя Алег Клюйко адклаў разгляд позвы да 9 кастрычніка, растлумачыўшы: паседжанне адкладваецца на такі працяглы тэрмін, бо ён будзе ў адпачынку.

«Як мы і меркавалі, – гаворыць Андрэй Бандарэнка, – у пазоўніка няма ніякіх падставаў для таго, каб нас ліквідаваць. Мы былі вельмі здзіўленыя з таго, што з усіх доказаў таго, што мы нібыта не знаходзімся па месцы рэгістрацыі, яны спасылаюцца на нейкія лісты і на правяранне, праведзенае сярод уласнікаў будынку, дзе мы арандуем памяшканне. Зразумела, што ўласнікі не маглі нічога сказаць пра тое, хто мы і дзе працуем. Відаць, для суда гэтых доказаў было недастаткова, таму паседжанне перанеслі на 9 кастрычніка. Мы атрымалі яшчэ месяц жыцця зарэгістраванаю структураю, хоць незалежна ад таго, якое рашэнне прыме суд, мы працягнем працу ў прававым полі».

Палітычны пераслед

Сёлета ў лютым арганізацыя абвесціла пра пачатак рэалізацыі новага праекту – «Маніторынг правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі», а ў чэрвені Андрэй Бандарэнка паведаміў журналістам, што «Платформа» мае намер расследаваць факты гібелі вязняў у беларускіх калоніях, якіх апошнім часам стала больш.

21 чэрвеня пракуратура Менску вынесла Бандарэнку папярэджанне «за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Нагодаю стаўся зварот «Платформы» ў Міжнародную федэрацыю хакею з заклікам не праводзіць у Беларусі чэмпіянату свету па хакеі 2014 г., «пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, а таксама не спыняцца рэпрэсіі ў дачыненні праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці».

У ліпені Андрэю Бандарэнку паведамілі, што яго паставілі на прафілактычны ўлік у КДБ. Паводле ўказу прэзідэнта ад 4 ліпеня 2012 г. № 295, гэта ёсць падставаю для абмежавання выезду за мяжу.

belsat.eu

Стужка навінаў