Больш як палова аўдыторыі спадарожнікавага тэлебачання глядзіць «Белсат»


Як вынікае з апошняга апытання грамадскай думкі[1], больш за палову (53 %) карыстальнікаў спадарожнікавымі антэнамі ў Беларусі дэкларуюць, што глядзяць перадачы “Белсату”. Лік гледачоў з спадарожнікаваю антэнаю – гэта амаль 1760 тыс., што складае 22 % дарослай тэлеаўдыторыі ў Беларусі.

Сталая аўдыторыя “Белсату”, г. зн. людзі, якія нас глядзяць штодзённа або некалькі разоў на тыдзень, – гэта 44,5 % ад агульнай колькасці гледачоў “Белсату”. Калі параўнаць цяперашні вынік з атрыманым у папярэднім даследаванні ў снежні 2011 г., то можна сцвердзіць, што памер гэтай аўдыторыі нязменны.

57 % сталых гледачоў “Белсату” складаюць мужчыны, 75 % – маладыя і працаздольныя людзі, з якіх 45 % – гледачы ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў. Амаль траціна – людзі з вышэйшаю адукацыяй (31 %). Калі казаць пра прафесіі, то гэтая група складаецца збольшага з прадпрымальнікаў (19 %), прадстаўнікоў творчых прафесіяў (15 %), а таксама студэнтаў (14 %) і працаўнікоў сферы паслугаў (12 %).

Тэлебачанне “Белсат” карыстаецца высокім узроўнем даверу ў сваіх гледачоў. Паводле апытанняў, амаль тры чвэрці з іх (72 %) давяраюць праграмам “Белсату”.

Даследаванне паказвае таксама, як тэлебачанне “Белсат” успрымаецца гледачамі. Удзельнікам прапанавалі шэраг сцверджанняў пра “Белсат” і прасілі ацаніць, у якой ступені яны з імі згодныя або не згодныя. Выявілася, што “Белсат” успрымаецца найперш як канал, гледзішча якога адрозніваецца ад пазіцыі афіцыйных беларускіх медыяў. Гэтак адказалі ажно 82,4 % рэспандэнтаў. Амаль гэтак жа часта гледачы пагаджаліся са сцверджаннем, што “Белсат” – гэта незалежнае тэлебачанне, якое прэзентуе ўласны пункт гледжання (78,8 %) і падае аб’ектыўную інфармацыю (74,6 %). Цікава, што “Белсат” не ўспрымаецца адназначна як польская тэлевізія, якая вядзе вяшчанне на беларускай мове. З гэтым сцверджаннем згадзіліся ўсяго 13,9 % рэспандэнтаў.


[1] Апытанне ладзілася 14–28 траўня 2012 г. незалежным Цэнтрам сацыялагічных даследаванняў “Зеркало-Инфо” на рэпрэзентатыўнай выбарцы 2999 жыхароў Рэспублікі Беларусь ва ўзросце 18 гадоў і старэйшых. Статыстычная хібнасць не перавышае 0,6 %.

Стужка навінаў