На “Белсат” трапіў дакумент, які афіцыйна дазваляе спецслужбам сачыць за інтэрнэтам


У ім раскрываюцца механізмы, з дапамогаю якіх спецслужбы Беларусі могуць атрымліваць практычна любыя звесткі пра дзеянні карыстальнікаў інтэрнэту.

З ананімнай крыніцы

Чалавек, які даслаў у рэдакцыю “Тэхнічныя патрабаванні да вузлоў электрасувязі, прызначаныя для перадавання дадзеных, у частцы забеспячэння правядзення аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў”, папрасіў не раскрываць ягонага імя. Ён распавёў, што дакумент трапіў у ягоныя рукі ўвесну 2011 года праз кэш у пошукавіку “Google”. Дакумент быў захаваны, цяпер у сеціве немагчыма знайсці і слядоў гэтых “тэхнічных патрабаванняў”.

Пасля нядаўніх затрыманняў мадэратараў віртуальных апазіцыйных групаў у сацыяльных сетках нашая крыніца вырашыла абнародаваць сваю знаходку.

Азнаёміцца з тэкстам дакументу можна тут

З тэксту відаць, што гэта ўнутраны дакумент ААТ “Гіпрасувязь”, які ўзімку 2011 года зацвердзіла Міністэрства сувязі РБ і ўзгадніла з кіраўніцтвам КДБ ды аператыўна-аналітычным цэнтрам пры прэзідэнту РБ.

З пункту 4 вынікае, што згаданыя службы маюць у сваім распараджэнні апаратна-праграмныя сродкі (АПС), сістэмы тэхнічных сродкаў для забеспячэння аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў (СОРМ), якія могуць функцыянаваць аддалена (УПУ СОРМ).

Пункты 5.1, 5.5, 5.6, 5.11, 5.14 распавядаюць, для чаго патрэбныя ўсе гэтыя АПС, СОРМ і УПУ. Гэтак, пункт 5.1 кажа, што да абсталявання кожнага вузла электрасувязі (адкуль падаецца сігнал на ваш мабільны або хатні мадэм) кожнага правайдара мусіць падключацца апаратна-праграмны сродак, які дазваляе весці аператыўна-пошукавую дзейнасць.

Пункт 5.5 забавязвае правайдара “забяспечыць умовы для перадавання… без скажэння інфармацыі, што перадаюць/прымаюць усе карыстальнікі паслуг”.

Наступны пункт патрабуе ад правайдараў перадаваць ва УС СОРМ звесткі пра вылучэнне канкрэтнаму карыстальніку сеціўнага адрасу яшчэ перад працаю з інфармацыйным пакетам.

Пункт 5.11 пра сакрэтнасць: “вузел электрасувязі мусіць выключаць магчымасць выяўлення УС СОРМ па-за межамі вузла сувязі”. То бок распрацоўнікі інструкцыі не хочуць, каб хтосьці за межамі вузла электрасувязі змог выявіць іхнае абсталяванне.

Пункт 5.14 датычыць карыстальнікаў інтэрнэт-кавярняў. Тут гаворыцца, што статыстычная інфармацыя, якую перадаў/прыняў канкрэтны карыстальнік, мусіць захоўвацца на тэрмін, прадугледжаны заканадаўствам РБ.



Дакумент як дакумент

Што ў Беларусі за карыстальнікамі інтэрнэту сочаць, не навіна. Навіна, што гэта адбываецца на цалкам легальных умовах. Служба інфармацыі “Белсату” звярнулася да праграміста і эксперта ў камп’ютарнай бяспецы па каментар. Той таксама на ўмовах ананімнасці паведаміў, што нічога сенсацыйнага ў тэксце не пабачыў:

“Спецслужбы кожнай краіны маюць такія паўнамоцтвы, каб сачыць за злачынствамі ў інтэрнэце і выяўляць парушальнікаў. Напрыклад, лавіць тых, хто распаўсюджвае дзіцячую парнаграфію, і г. д. Іншая рэч, што ў Беларусі цалкам нармальныя законы могуць выкарыстоўвацца для палітычнага вышуку”, – кажа адмысловец.

belsat.eu

Стужка навінаў