Ад настаўніка да праграміста: як адрозніваюцца заробкі беларусаў?


Разрыў у заробках беларусаў працягвае расці – дзяржаўнае агенцтва БелТА паведамляе, што ў 2005 г. заробкі паміж самымі высокааплачванымі ды нізкааплачванымі адрозніваліся ў 4,6 разу. Год таму гэты паказчык знізіўся да 3,2, а за першыя шэсць месяцаў 2012 г. зноў павысіўся да 4,3.

Усе на хімпрам! Усе за камп’ютары!

Традыцыйна найбольш зарабляюць беларусы, што занятыя ў прамысловасці. Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, намінальны налічаны заробак у прамысловасці ў ліпені склаў Br 4362 тыс.

Але найбольш у прамысловасці зарабляюць працаўнікі, што занятыя ў вытворчасці коксу, нафтапрадуктаў і ядравых матэрыялаў. Сярэдні налічаны заробак – Br 8274 тыс.

Больш зарабляюць толькі камп’ютарнікі – паводле афіцыйнай статыстыкі, “дзейнасць, звязаная з вылічальнаю тэхнікай” аплачваецца ў Беларусі найлепш, у ліпені сярэдні налічаны заробак для гэтых працаўнікоў склаў Br 9522 тыс.

Хто зарабляе найменш?

Агулам у бюджэтнікаў сярэдні налічаны заробак у ліпені склаў Br 3064 тыс. І найменш у Беларусі зарабляюць працаўнікі сацыяльных службаў – Br 2510 тыс. без вылічэння падаткаў. Наступнымі ў гэтым сумным рэйтынгу ідуць працаўнікі сферы адукацыі з сярэднім налічаным заробкам Br 2704 тыс.

Парадокс, але ў шэраг самых нізкааплачваных працаўнікоў трапілі беларусы, чыя праца звязаная з аперацыямі з нерухомасцю. Афіцыйна ім у сярэднім налічылі ў ліпені 2012 г. Br 2858 тыс.

Разрыў будзе расці

Паводле эканаміста Леаніда Заікі, разрыў у заробках беларусаў будзе расці. Фота belsat.euПаводле эканаміста Леаніда Заікі, разрыў у заробках беларусаў будзе расці. Фота belsat.eu“У другой палове 1990-х гг. у нас сітуацыя была, як у Аўстрыі, – у высокай ступені роўнасць у заробках – прыкладна 1:3. Цяпер разрыў пачаў павялічвацца. І ён павялічваецца не таму, што людзі сталі багацейшыя, а таму, што павялічваецца расслаенне ў заробках, – гаворыць эканаміст Леанід Заіка. – Можам узяць такі прыклад – паводле дэкларацыяў, пададзеных у выбарчую камісію, дэпутаты атрымліваюць недзе Br 12 млн на месяц, а мясцовыя кіраўнікі раённага ўзроўню атрымліваюць Br 6 млн”.

Эксперт канстатуе, што розніца ў заробках у 4,3 разу – сапраўды лічыцца невялікаю. Аднак, паводле суразмоўцы, гэты паказчык будзе толькі расці.

“У амерыканцаў і ў расейцаў вельмі высокія розніцы ў заробках – прыкладна 1 да 14. Але тут вельмі важнае пытанне: які мінімальны даход? Калі настаўнік у школе атрымлівае трошкі больш за Br 2 млн, то гэта заробак надта нізкі, нягледзячы на тое, якая будзе розніца з велічынёю заробкаў у іншых сферах. Бо трэба ўлічваць яшчэ і ўзровень коштаў у Беларусі – гэтак, нават у суседняй Польшчы кошты на мяса бываюць у два разы ніжэйшыя”, – дадаў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў