ЗША і ЕЗ заклікаюць неадкладна вызваліць кандыдатаў і ўсіх затрыманых дэманстрантаў


“Мы рашуча асуджаем усякае прымяненне гвалту і асабліва непрапарцыйнае ўжыванне сілы супраць кандыдатаў на прэзідэнцтва, палітычных актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і журналістаў. І выбары, і іх наступствы ёсць крокам назад у развіцці дэмакратычнага праўлення і павагі да правоў чалавека ў Беларусі, што выклікае шкадаванне. Беларускі народ заслугоўвае лепшага”, – гаворыцца ў заяве.

ЗША і Еўрапейскі Звяз заклікаюць улады Беларусі да неадкладнага вызвалення ўсіх кандыдатаў на прэзідэнцтва і больш як 600 дэманстрантаў, затрыманых пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня ў Менску. Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан і вярхоўнай прадстаўніцы Еўразвязу Кэтрын Эштан.

Брусель і Вашынгтон адзначаюць “сур’ёзныя праблемы ў выбарчым працэсе і падліку галасоў, што было адлюстравана ў справаздачы місіі назіральнікаў АБСЕ”, і настойліва заклікаюць урад Беларусі да выканання абавязацельстваў перад АБСЕ па значным рэфармаванні выбарчага працэсу.

Акрамя таго, адзначаецца ў дакуменце, “ураду Беларусі таксама неабходна зрабіць крокі, каб забяспечыць прастору для дзейнасці палітычных актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў”.

“Павага да дэмакратыі ды правоў чалавека па-ранейшаму займае цэнтральнае месца ў пытанні паляпшэння стасункаў Беларусі са Злучанымі Штатамі ды Еўразвязам. Без значнага прагрэсу ў гэтых галінах не адбудзецца паляпшэнне адносінаў. Менавіта ў такім кантэксце мы будзем ацэньваць дзеянні беларускага ўраду для вырашэння бягучай сітуацыі ды звяртаць увагу на развіццё падзеяў падчас разгляду нашых стасункаў з Беларуссю”, – падкрэсліваецца ў заяве.

belsat.eu

Стужка навінаў