Журналіста Антона Сурапіна могуць выключыць з універсітэту


Юнак не можа знайсці жытла ў Менску, каб пачаць вучобу.

З 1 верасня заснавальнік сайту «Belarusian News Photos» Антон Сурапін павінен працягваць навучанне ў Інстытуце журналістыкі БДУ. У яго запланаваная таксама практыка на адным з інтэрнэт-парталаў. Хлопец, аднак, не можа пераехаць у сталіцу, бо не мае там жытла, што ў сваю чаргу пагражае адлічэннем з універсітэту, паведамляе сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Былому вязню КДБ тэрмінова трэба зняць кватэру ў Менску, куды б магла быць пераведзеная падпіска аб нявыездзе.

«Кватэру адшукаць вельмі складана. Бо калі гэта трэба было рабіць, я сядзеў у СІЗА КДБ, а абітурыенты, вядома, наляцелі, і цяпер варыянтаў зняць кватэру для студэнта ў сталіцы вельмі мала», – распавёў Антон.

Ён паведаміў, што ўжо цягам некалькіх тыдняў шукае прыдатнае жытло, але да гэтага часу нічога не знайшоў.

13 ліпеня Антона Сурапіна затрымаў КДБ у справе незаконнага перасячэння мяжы шведскім лёгкаматорным самалётам. Інцыдэнт адбыўся зранку 4 ліпеня. Над Івянцом і Менскам скінулі сотні плюшавых мядзведзяў. Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі шведскай PR-кампаніі «Studio Total». Такім чынам яны хацелі падтрымаць свабоду слова ў Беларусі. У жніўні журналіста вызвалілі з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе.

belsat.eu

Стужка навінаў