Будаўніцтва свінакомплексу ў Пяршаях зацікавіла толькі чатырох мясцовых жыхароў


На абмеркаваннях будовы комплексу на 110 тыс. свіней прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, замоўцы праекту і чацвёра мясцовых жыхароў.

Дырэктар навукова-вытворчай фірмы «Экалогія» Дзмітрый Гурыкаў адзначыў, што грамадскія абмеркаванні былі задуманыя, каб сабраць заўвагі мясцовых жыхароў наконт будучага свінакомплексу.

Адзін з удзельнікаў сходу, інжынер-гідратэхнолаг Георгій Каржанеўскі, назваў будаўніцтва свінафермы «супрацьзаконным дзеяннем». Паводле яго, комплекс нельга будаваць на вытоках рэк. Гэта рэгулююць адпаведныя дзяржаўныя нормы, якія дазваляюць будову прынамсі за 500 м ад вадаёмаў. Комплекс у Пяршаях, як адзначыў Каржанеўскі, паўстане за 200 м ад ракі.

«Мяркуючы па плане, свінарнік будуецца на крыніцах, свінні будуць хварэць. Калі б на метраў 700 паўночней, тады можна было б падумаць», – кажа ён.

Адмысловец перакананы, што адстойнікавыя ямы размешчаныя заблізка ад грунтовых водаў.

«Патрэбны спецыяльны бетон і спецыяльныя ёмістасці. Я езджу на Захад і ведаю, як там усё гэта робіцца. У нас адсталыя метады», – упэўнены ён.

У сваю чаргу дырэктар «Экалогіі» Дзмітрый Гурыкаў сцвярджае, што межы санітарнай ахоўнай зоны будучай свінафермы ўжо вызначаныя, а сам праект прайшоў санітарна-гігіенічную экспертызу.

На жаль, экалагічныя праблемы Пяршаяў хвалююць толькі некалькіх чалавек. Таму ніякіх перашкодаў для будовы свінакомплексу не прадбачыцца.

belsat.eu

Стужка навінаў