«Белсат» высветліў, як у Берасці насамрэч робяць «музычную гарэлку»


Якую дакладна музыку ўключаюць падчас вытворчасці, як абіраюць рэпертуар і хто давёў, што музыка надае напою асаблівыя якасці?

Пра свой новы прадукт прадпрыемства «Белалка» паведаміла на сайце «Белгасхарчпраму» ў матэрыяле пад пафаснаю назваю «Пачалася Эра Хлебнікава». І хоць у тэксце было шмат прыгожых словаў, сам працэс вытворчасці цуда-напою пакідаў шмат пытанняў. Апрача таго, што на ўсіх тэхналагічных этапах гучыць адмыслова падабраная «светлая пазітыўная» музыка, дзякуючы чаму нібыта адбываецца крышталізацыя і структурызацыя малекулаў вады, а ў выніку – «зарадка» пазітыўнай энергіяй, ніякіх падрабязнасцяў не было.

Начальнік упраўлення ў сферы збыту, фірмовага гандлю і маркетынгу прадпрыемства Вячаслаў Мятліцкі няўпэўненым голасам падаў нам ужо крыху іншую версію. Паводле яго, музыка выконваецца толькі падчас разліву. Такім чынам, «ачышчаюцца і гарманізуюцца» малекулы самой гарэлкі, а не вады, як гэта апісвае сайт «Белгасхарчпраму».

«Выконваецца класічная музыка, цэлая падборка, але што дакладна… ці гэта Брамс, Бах ці Моцарт, я не магу сказаць», – падбіраў словы Мятліцкі. «А ці блізка да канвеера стаяць калонкі?» – не супакойваліся мы. «Зразумейце правільна: музыка – гэта не тэхналогія, гэта толькі адмысловая гарманізацыя, своеасаблівы пазітыўны імпульс», – спяшаўся паведаміць Мятліцкі. Калонкі, маўляў, стаяць на адмысловых стаяках у цэнтры цэху.

Маркетолаг прызнаўся, што ўздзеянне музыкі на гарэлку навукова не даведзенае. Але ён мяркуе, што гарэлка назапашвае пазітыўную энергію, якая перадаецца спажыўцу. «Высокая якасць гарэлкі «Хлебнікаў» забяспечвае захаванне лёгкасці розуму і цвярозасці меркавання», – заяўляюць яе стваральнікі.

Дадамо, што, паводле вытворцы, інавацыйны прадукт – «гэта класічны ўзор сапраўднай расейскай гарэлкі». А вось на яе стварэнне, як падае старонка «Белгасхарчпраму», аўтараў натхнілі «неабсяжныя прасторы роднай зямлі» і «незвычайныя людзі – моцныя, добрыя, таленавітыя, шырокія душой, гасцінныя і хлебасольныя».

belsat.eu

Стужка навінаў