Бандарэнка: Нас судзяць за тое, што падатковая згубіла нашыя дэкларацыі


Слуханне справы аб ліквідацыі арганізацыі “Платформа”, якая займаецца правамі чалавека ў турмах, распачнецца 6 верасня.

Пазоў падала інспекцыя падаткаў і збораў Савецкага раёну Менску. Працэс у Менскім гаспадарчым судзе будзе весці суддзя Алег Клюйко.

Папярэдняе паседжанне прайшло сёння. Прадстаўнік падатковай інспекцыі заявіў, што ўстанова “Платформа” “неаднаразова і груба” парушала заканадаўства: несвоечасова падавала падатковыя дэкларацыі, не месцілася на паказаным юрыдычным адрасе, за што атрымала штрафы.

Са свайго боку дырэктар “Платформы” Андрэй Бандарэнка заявіў, што дэкларацыі падаваліся своечасова, аднак у падатковай інспекцыі іх “гублялі”. Акрамя таго, адзначыў ён, установу ўжо пакаралі штрафам за гэтае парушэнне, а значыць, прыцягваць да адказнасці паўторна не маюць.

Што ж да прэтэнзіяў у сувязі з юрыдычным адрасам, то, як сцвярджае Бандарэнка, “Платформа” на ім месцілася. Ён папрасіў суд выклікаць сведак, якія б змаглі гэта пацвердзіць. “Проста “Платформа” развіваецца, і акрамя офісу на юрыдычным адрасе мы здымалі і іншыя памяшканні, што, магчыма, выклікала памылку”, – растлумачыў Бандарэнка. Ён падкрэсліў, што заканадаўства не забараняе здымаць для працы некалькі памяшканняў.

Андрэй Бандарэнка называе пазоў аб ліквідацыі ўстановы неабгрунтаваным, але на станоўчае рашэнне суда не спадзяецца. Паводле яго, арганізацыя “даўно была гатовая” да магчымай ліквідацыі і ў любым выпадку будзе працаваць далей.

Бандарэнка сам адседзеў у турме два гады

Абаронаю правоў зняволеных актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Бандарэнка пачаў займацца пасля таго, як правёў за кратамі без малога два гады. У 2009 г. ён яго пакаралі 7 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, абвінаваціўшы ў эканамічным злачынстве. Бандарэнка заставаўся за кратамі з траўня 2009 г. да сакавіка 2011 г., калі Вярхоўны Суд Беларусі накіраваў справу на новае расследаванне. 22 сакавіка Менскі гарадскі суд прызнаў Андрэя Бандарэнку невінаватым.

У чэрвені таго ж года Бандарэнка заснаваў “Платформу”. Сёлета ў лютым арганізацыя абвесціла пра пачатак рэалізацыі новага праекту – “Маніторынг правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі”, а ў чэрвені Андрэй Бандарэнка паведаміў журналістам, што “Платформа” мае намер расследаваць факты гібелі вязняў у беларускіх калоніях, якіх апошнім часам стала больш.

21 чэрвеня пракуратура Менску вынесла Бандарэнку папярэджанне “за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь”. Нагодаю стаў зварот “Платформы” ў Міжнародную федэрацыю хакею з заклікам не праводзіць у Беларусі чэмпіянату свету па хакеі 2014 г., “пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, а таксама не спыняцца рэпрэсіі ў дачыненні праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці”.

У ліпені Андрэю Бандарэнку паведамілі, што яго ўзялі на прафілактычны ўлік у КДБ. Паводле ўказу прэзідэнта ад 4 ліпеня 2012 г. № 295 гэта ёсць падставаю для абмежавання выезду за мяжу.

belsat.eu

Стужка навінаў