Адмысловая купель для хросту з'явілася ў Баранавічах


З нядаўняга часу таямніца Хросту ў праваслаўнай царкве Святога Вялікапакутніка Георгія Пераможцы ў Баранавічах здзяйсняецца ў адмысловай купелі са святой вадой. Такога кшталту і выгляду купель – адзіная сярод гарадскіх цэркваў.

«Гэтую ідэю я падгледзеў у маленькай драўлянай царкве Святой Тройцы ў Менску. Калі толькі-толькі пачыналася праектаванне нашай царквы, нам удалося рэалізаваць яе тут», – распавядае настаяцель царквы протаіерэй Дзімітрый Баена.

Круглая купель размешчана ў цэнтры памяшкання плошчай 25 квадратных метраў піша «Наш край». Падчас хросту ў яе могуць акунуцца як дарослыя, так і дзеці.

«У асноўным бацькі хрысцяць нованароджаных. Хоць прымалі тут хрост і шасцігадовы хлопчык, дзяўчынка 13 гадоў, 30- і 50-гадовыя мужчыны. Сярод іх – замежнік, француз. Яго жонка родам з Баранавічаў, і ў адзін з візітаў у горад гэты чалавек пажадаў хрысціцца ў нашай царкве», распавядае святар.

Падчас хросту вада ў купелі цёплая – 36-37 градусаў – і прымаць таямніцу Хросту даросламу чалавеку, а тым больш нованароджаным, – камфортна.

Штотыдзень з дапамогай спецыяльных PH-тэстаў правяраюць узровень кіслотнасці вады. Гэты паказнік абавязкова павінен быць у норме, каб у таго, хто акунаецца сам ці каго акунае святар, не было раздражнення скуры або слізістых з-за падвышанай кіслотнасці ці шчолачнасці. Пасля праверкі ўзроўню PH вады выкарыстоўваюць дэзынфікуючыя неагрэсіўныя хімічныя сродкі.

Цалкам зліваюць ваду з купелі месяцы праз тры-чатыры. Паколькі вада ў купелі асвечана, яе ні ў якім разе нельга зліваць у каналізацыю. Гэта прадугледжана і праектам. Амаль 4 000 літраў святой вады паступае ў Свяцілаўскае возера.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў