Новы навучальны год: менш вучняў і менш беларускіх школаў


З кожным годам у Беларусі ўсё менш дзяцей школьнага ўзросту. Зачыняецца таксама вялікая колькасць школаў.

Сёлета, паводле Міністэрства адукацыі Беларусі, у школах будуць навучацца больш за 900 тысяч дзяцей. Для параўнання летась 1 верасня распачалі навучальны год каля 925 тысяч школьнікаў. Першы раз у першы клас сёлета пайшлі каля 91 тысячы дзяцей. У мінулым годзе першакласнікаў было менш – толькі 88,5 тыс.

У новым школьным годзе будуць працаваць 3 323 установы агульнай сярэдняй адукацыі. Адкрыліся 6 новых школаў, у той час як зачыніліся 202 – пераважна малакамплектавыя вясковыя школы.

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) Алег Трусаў звяртае ўвагу на тое, што практычна ўсе зачыненыя школы былі з беларускаю моваю навучання. Большасць беларускамоўных школаў месцяцца якраз па вёсках, дадаў сп. Трусаў.

Летась, паводле ТБМ, на беларускай мове навучаліся каля 19 % школьнікаў краіны. Сёлета іх, відаць, стане яшчэ менш, лічыць старшыня ТБМ.

З гарадоў найбольш спрыяльная сітуацыя з беларускамоўным навучаннем назіраецца ў Менску, дзе на роднай мове працуюць шэсць гімназіяў. Беларускамоўныя класы ёсць і ў школах сталіцы. Аднак, нягледзячы на гэта, па-беларуску ў Менску вучацца толькі 1,5–2 % школьнікаў.

Што да іншых буйных гарадоў, то ні ў водным з пяці абласных цэнтраў Беларусі няма школы, дзе выкладанне цалкам вялося б па-беларуску, сцвярджаюць у ТБМ.

belsat.eu

Стужка навінаў