Расея – Грузія: новы канфлікт?


Расея дагэтуль не адрэагавала на інцыдэнт з нападам дагестанскіх баевікоў на жыхароў Грузіі.

Днямі на грузінскую тэрыторыю з Дагестану прабраліся каля 20 добра ўзброеных баевікоў. Яны захапілі каля 10 мясцовых жыхароў, большасць якіх удалося вызваліць. Некалькі чалавек могуць заставацца ў закладніках.

Прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі гэтак пракаментаваў здарэнне: «Нестабільнасць і беспарадкі, якія можна бачыць па другі бок Каўказскага хрыбта, павінны застацца за гарамі і не павінны распаўсюджвацца на гэты бок». Ён падкрэсліў, што Грузія цяпер ужо не савецкая рэспубліка, а незалежная краіна, і беспарадак на тэрыторыі суседзяў не павінен пагражаць бяспецы яе грамадзянаў.

Дыпламатычныя стасункі паміж Грузіяй і Расеяй разарваныя, таму афіцыйнай Маскве пра інцыдэнт паведаміла Швейцарыя, якая выконвае ролю пасярэдніка. Аднак Крэмль дагэтуль не адрэагаваў на здарэнне. Тым часам у грузінскім Міністэрстве ўнутраных справаў паведамілі, што ён можа абвастрыць напружанасць у адносінах паміж Масквой і Тбілісі, прычынаю якой стала пяцідзённая вайна ў жніўні 2008 г.



Эксперты: правакацыя Масквы ці таемны план грузінаў?

Эксперты звязваюць канфлікт з парламенцкімі выбарамі, якія адбудуцца ў Грузіі 1 кастрычніка. Магчымасць правакацыі з боку Масквы не выключае прэзідэнт незалежнага клубу экспертаў Сасо Цышкарышвілі. Яе мэта – дэстабілізацыя грамадства і ўвядзенне расейскіх войскаў на тэрыторыю Грузіі, заявіў ён «Новым известиям».

Палітолаг Паата Закарэішвілі мяркуе, што правакацыя магла быць сумеснаю, расейска-грузінскаю. «Пуціну выгадна захаваць рэжым Саакашвілі, які, як ніхто іншы, абараняе ў Грузіі расейскія інтарэсы. На пярэднім плане ў іх нянавісць адзін да аднаго, а насамрэч грузінскія ўлады забяспечваюць расейскаму баку абарону сваіх інтарэсаў. Напрыклад, 80 % мясцовай эканомікі фактычна належаць Расеі», – цытуе яго «Независимая газета».

belsat.eu

Стужка навінаў